“Настрой у мяне бадзёры, а натхненнем служаць лёсы людзей, якія сядзелі ў сталінскія часы”, – палітвязень Анджэй Пачобут з-за кратаў

Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут (https://prisoners.spring96.org/be/person/andrei-paczobut) даслаў ліст на волю, у якім падзяліўся ўспамінамі і сваім настроем:

“Ідзе 17 месяц майго зняволення, калі азіраюся назад, дык здаецца яшчэ нядаўна я быў у Жодзіне і пазнаваў, ці лепш сказаць знаёміўся, з “турэмнымі ўніверсітэтамі” :), а ужо хутка канец следства і перадача справы ў суд. Хоць, канешне, я не маю ніякіх ілюзій наконт прысуду, але ўсё адно хочацца хутчэй мець гэта за сабой і ехаць у лагер.

Дарэчы ў маі 2021 года, калі я этапам ехаў з Валадаркі ў Жодзіна — гэта быў самы прыемны момант майго зняволення. Цягнік вырваў з турэмнай статыкі, вецер праз адкрытую канваірамі фортку – была спёка – нагадваў пра волю… Цёплая атмасфера ў камеры-купэ – хлопцы ўсе палітычныя ехалі пасля прысудаў у лагеры з вялікімі – як мне тады здавалася прысудамі — 3, 4, 7 гадоў пазбаўлення волі… Я быў адзіны ў каго не было яшчэ суду. Што ж мінула з таго часу ўжо больш за год, шмат чаго змянілася, але не гледзячы на гэта настрой у мяне бадзёры, а натхненнем служаць лёсы людзей, якія сядзелі ў сталінскія часы. Шмат каго з іх я меў гонар ведаць асабіста. Цяпер узгадваю іхныя аповеды і яны, шмат хто ўжо з таго свету, дадаюць мне веры, упэўненнасці і аптмізму”.

💌Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі салідарнасці:
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Андрэй Станіслававіч Пачобут
📮Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3PIOcjz