25 жніўня з самай раніцы ў Суркантах, што ў Вараноўскім раёне, пачалі раўняць з зямлёй могілкі салдат Арміі Краёвай.

Спусташэнне могілак, якое арганізавалі ўлады, нагадвала маштабную спецаперацыю. Дарогі да месца, дзе адбываўся акт варварства, блакаваліся міліцыяй. А абураных мясцовых жыхароў, якія спрабавалі сфатаграфаваць учыненае злачынства, палохалі турэмным зняволеннем. 

У Суркантах палеглі 57 жаўнераў Арміі Краёвай, гэта здарылася 23 жніўня 1944 года ў баі з 3-м батальёнам НКВД, які акружыў атрад падпалкоўніка АК Мацея Клянкевіча «Котвіча». Імаверна, менавіта на гадавіну бою ўлады прымеркавалі знішчэнне польскага пахавання.

Пахаванне загінулых польскіх жаўнераў, праз страх мясцовых жыхароў перад саветамі, адбылося не на мясцовых могілках, а на полі, каля могілак паўстанцаў 1863 году, з удзелам мясцовага святара літоўскай нацыянальнасці. У савецкі час мясцовыя жыхары не дазволілі заараць магілу для калгаса. 8 верасня 1991 года польскія жаўнеры былі эксгумаваныя і пахаваныя на месцы, дзе спачывалі дагэтуль. Цяпер пахаванні разбураныя.

Гэта быў працяг вандальных акцый, арганізаваных дзяржаўнымі структурамі. Раней памятныя крыжы і пахаванні жаўнераў польскай Арміі Краёвай былі зруйнаваныя ў Качычах, Ваўкавыску, Мікулішках, Стрыеўцы ды іншых месцах Гарадзенскай вобласці.