Чэмпіёна Еўропы і віцэ-чэмпіёна свету па гандболе Міхаіла Міхуту асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі» за рэпосты і каментары пра Лукашэнку

Суд Зэльвенскага раёна абвесціў рашэнне па справе аднаго з самых паспяховых гандбольных трэнераў краіны — Міхаіла Міхуты, якога абвінавачвалі ў «Абразе Лукашэнкі» (ч. 1 і ч. 2 арт. 368), а таксама ў «Паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі» (ч. 2 арт. 367). Справу спартоўца разглядала суддзя Люцыя Жук.

Згодна з версіяй абвінавачвання, у чэрвені 2020 года, у «ВКонтакте» Міхаіл зрабіў некалькі рэпостаў, якія «абразілі гонар і годнасць Лукашэнкі ў сувязі з ажыццяўленнем ім паўнамоцтваў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй Беларусі, а таксама нанеслі шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады».

У адным з рэпостаў утрымліваліся наступныя словы: «Сусветнай супольнасці тэрмінова неабходна прыняць меры па нейтралізацыі асабліва небяспечнага злачынцы [Лукашэнкі]». У другім была размешчаная шаржавая выява Лукашэнкі, на якой ён выглядаў арыштантам.

41-гадовы Міхаіл — гандбаліст і трэнер па гандболе з «дынастыі» Міхутаў. Яго дзядзька Уладзімір Міхута быў трохразовым чэмпіёнам савецкага саюзу ў складзе менскага СКА.

Міхаіл МІхута ў час сваёй спартовай кар’еры стаў чэмпіёнам Еўропы і віцэ-чэмпіёнам свету ў складзе студэнцкай каманды. Пасля заканчэння кар’еры вярнуўся на малую радзіму і пачаў трэніраваць дзяцей.