25 жніўня праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек. Сярод іх і гарадзенец Павел Абуховіч.

50-гадовы гарадзенец Павел Абуховіч, інвалід другой групы, быў засуджаны 22 красавіка бягучага году. Працэс вёў суддзя Гарадзенскага абласнога суду Валерый Раманоўскі, дзяржабвінаваўцам выступала пракурорка Анжаліка Клішына.

Абуховіча вінавацілі ажразу па чатырох артыкулах Крымінальнага Кодэксу РБ – частцы 1 арт. 130, арт. 369, ч.1 арт. 367, ч. 1 арт. 368.

Раманоўскі прысудзіў Абуховіча да прымусовага псіхіятрычнага лячэння за размешчаныя ў Інтэрнэце каментары ў сацыяльнай сетцы facebook. Прытым змест каментароў у пастанове суда не прыводзіцца. Нібыта гэтыя каментары змяшчаюць крытыку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, абразу былога начальніка ГУБАЗіК, намесніка міністра ўнутраных спраў Карпянкова і Лукашэнкі.

У сітуацыі браку прыкмет грамадскай небяспекі абвінавачанага, калі ён мог бы нанесці шкоду навакольным і/ці сабе, змяшчэнне яго на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар разглядаецца праваабаронцамі як адвольнае пазбаўленне свабоды.

Зараз Павел Абуховіч знаходзіцца ў псіхіятрычным стацыянары.