Суд Ленінскага раёну Гародні аштрафаваў на 15 базавых велічынь намесніка дырэктара аднаго з беларускіх прадпрыемстваў за непавагу да дзяржсімвалаў Беларусі.

Інцыдэнт здарыўся яшчэ пару месяцаў таму. 25 чэрвеня ў Гародні ў межах рэгулярнага чэмпіянату Беларусі па футболе адбыўся матч паміж мясцовым «Нёманам» і барысаўскім БАТЭ. Калі перад гульнёй зайграў дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, адзін з заўзятараў, як мяркуецца, прыезднай каманды застаўся сядзець на месцы.

Гэта стала прычынай для адміністрацыйнага пераследу: на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.54 КаАП РБ (незаконныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь).

Паводле банку судовых пастаноў, заўзятара пакаралі штрафам на 480 рублёў.