У афіцыйным інфармацыйным органе ўлады Гарадзенскай вобласці паведамляецца пра сітуацыю з прызывам у войску ў Гародні і Гарадзенскім раёне. Пра сітуацыю расказаў начальнік аддзелу прызыву на тэрміновую вайсковую службу ваеннага камісарыяту Міхаіл Пазднякоў. Ён паведаміў, што 26 жніўня ў будынку ваеннага камісарыяту адбылося выздное паседжанне суду Ленінскага раёну па абвінавачванні прызыўніка з Гародні. Раней малады чалавек выкарыстоўваў адтэрміноўку ў звязку з атрыманнем адукацыі. Потым ён у час не з’явіўся на медыцынскую камісію. У выніку справа дайшла да суду. Паводле яго рашэння маладзёна засудзілі да аднаго году пазбаўлення волі з накіраваннем у так званую папраўчую ўстанову. Імя маладога чалавека не называецца.

Гэта першы абвінавачвальны выпадак па выніках вясенняй прызыўной кампаніі 2022 году. Матэрыялы яшчэ на 24 чалавекі, якія ўхіліліся ад службы ў войску, знаходзяцца ў Следчым камітэце на разглядзе. Адказнасць за ўхіленне ад тэрміновай службы прадугледжана часткай 1 артыкулу 435 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Гэты артыкул мае дыяпазон пакаранняў – ад штрафу на 100-200 базавых велічынь да абмежавання свабоды з накіраваннем ці без накіравання ва ўстанову папраўчага тыпу.

фота “Гродзенскай праўды”

Вясенняя прызыўная кампанія доўжылася сёлета з лютага па травень. Позвы ў войска павінны былі атрымаць 1928 чалавек ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў з Гародні і Гарадзенскага раёну. 362 з іх (18,7%) выдаць позву на рукі не ўдалося, таму што яны знаходзіліся за межамі краіны альбо хаваліся. Гэта толькі паводле афіцыйнай статыстыкі. Рэальная ж колькасць тых, хто не жадае ісці служыць у войску і ўхіляецца ад гэтага па медыцынскіх прычынах, напэўна намнога большая.

1 жніўня пачаўся асенні прызыў. Позвы з ваенкамату ў Гародні і Гарадзенскім раёне атрымаюць амаль 3300 чалавек. Каля 60% з іх атрымаюць адтэрміноўкі па розных падставах, іншых чакаюць медыцынскія камісіі і потым прызыў на службу.