85 гадоў таму – 27 жніўня 1937 году ў Менску НКВД быў расстраляны беларускі археолаг Аляксандар Каваленя. Яму было 42 гады.

Аляксандр Каваленя нарадзіўся ў вёсцы Кашанцы (Бераставіцкі р-н). У 1915 годзе скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю. У 1929 годзе скончыў БДУ. Яшчэ ў студэнцкія гады праводзіў раскопкі на гарадзішчы ў Тураве. (1927 г.), дзе выявіў артэфакты старажытнага места. З 1932 году навуковы супрацоўнік сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Дасьледаваў унікальныя помнікі — стаянкі палеаліту (Бердыж, Юравічы), гарадзішчы жалезнага веку (Банцараўшчына) і помнікі Тураўшчыны. Вывучаў культуру плямёнаў вадазбору Дняпра, левых прытокаў Дзьвіны і Прыпяці. Зьбіраў матэрыялы для археалягічнай карты Беларусі. Займаўся вывучэньнем старажытнага Менску.

Адзін з «Бацькоў» беларускай археалёгіі. Разам з  Аляксандрам Ляўданскім, Сяргеем Дубінскім зьяўляецца адным з аўтараў трохтомнага выданьня «Працаў» — навуковага зборніка Інбелкульту  па археалогіі. Падрыхтаваны навукоўцамі чацьверты том «Працаў» не пабачыў сьвет — быў зьнішчаны органамі НКВД у наборы.

Арыштаваны ў 1937 годзе. Расстраляны 27 жніўня 1937 году па абвінавачаньні ў “шпіянажы на карысьць Польшчы”. Рэабілітаваны 16 кастрычніка 1958 году.