Еўрарадыё расказала пра грамадзянку Беларусі з польскай працоўнай візай: дзяўчыну дэпартуюць з Еўрасаюза пасля паездкі з Польшчы ў Чэхію. А праз дзень быў атрыманы афіцыйны адказ ад польскай Памежнай службы (наша павага: чыноўнікі падрыхтавалі яго менш чым за суткі).

Па-першае, у адказе гаворыцца, што інфармацыя пра справы, якія вядуцца ў дачыненні да канкрэтных асоб, трэцім асобам не выдаецца. Аднак далей Straż Graniczna (Страж Гранічна) падрабязна тлумачыць, што можа стаць падставай для дэпартацыі з Еўрасаюза беларуса, у якога ў пашпарце — працоўная віза, а на руках ёсць усе неабходныя дакументы да яе.

Працоўная віза — не для гасцей, турызму і транзіту

З візай у дзяўчыны праблем няма. Але, на думку палякаў, патрэбна яшчэ працоўная дамова з подпісам польскага наймальніка / Еўрарадыё

Памежная служба Польшчы пацвярджае, што шчаслівыя ўладальнікі візы “D” 05A маюць права знаходзіцца ў Шэнгенскай зоне да 90 дзён на працягу паўгода. Аднак тое, чым яны займаюцца ў Еўрасаюзе (і, у прыватнасці, у Польшчы), павінна адпавядаць мэце, з якой была выдадзена віза.

Праверка дакументаў, якія пацвярджаюць мэту і ўмовы знаходжання замежніка на тэрыторыі Польшчы, звычайна ажыццяўляецца пры ўездзе. “Калі ў часе ажыццяўлення кантролю законнасці знаходжання замежніка будзе ўстаноўлена, што мэта і ўмовы знаходжання замежніка на тэрыторыі Рэспублікі Польшча не адпавядаюць заяўленай мэце, замежнік можа быць затрыманы і абавязаны вярнуцца ў краіну паходжання, — гаворыцца ў адказе ад польскай Памежнай службы, які атрымала Еўрарадыё. — Такая сітуацыя ўзнікае, у прыватнасці, калі ўезд і знаходжанне на падставе візы, выдадзенай з мэтай працы ў Польшчы, на самай справе носіць толькі гасцявы, турыстычны, транзітны ці іншы характар“.

Грамадзянку Беларусі прынялі за “гастралёрку”?

Калі гераіня нашай учорашняй гісторыі ўехала ў Польшчу з Беларусі па працоўнай візе, яна не выклікала падазрэнняў у польскіх памежнікаў. На руках у яе было запрашэнне ад працадаўцы. Мэта ўезду ў Польшчу фармальна адпавядала мэце, з якой была выдадзена віза.

Аднак Лера (мы змянілі імя гераіні) замест таго, каб паехаць да працадаўцы і заключыць працоўную дамову, праехала Польшчу транзітам і адправілася ў Чэхію па сваіх справах. Калі дзяўчына ехала назад, аўтобус для праверкі спынілі польскія памежнікі. Леру высадзілі, а праз некалькі гадзін забаранілі ўезд у Польшчу на паўгода — і далі 15 дзён на тое, каб пакінуць краіну.

Шаўрон “Стражы Гранічнай” / bklaw.pl

Складваецца ўражанне, што калі б не патруль на чэшска-польскай мяжы — ніякіх наступстваў у гэтай паездкі не было б, бо штампаў пры падарожжах унутры Шэнгенскай зоны ў пашпарт не ставяць. Аднак гэта не так. Бо Лера не проста вярталася з Чэхіі ў Польшчу, а зноў перасякала польскую тэрыторыю транзітам — па дарозе ў Беларусь. Значыць, у дзяўчыны з’явіліся б аналагічныя праблемы на беларуска-польскай мяжы.

Магчыма, польскія спецслужбы ведаюць пра практыку, калі за невялікую суму прадпрымальныя грамадзяне даюць беларусам фіктыўныя запрашэнні на працу. Магчыма, Леру прынялі якраз за такога “гастралёра”, які аформіў працоўную візу, каб ездзіць у Еўрасаюз з іншымі мэтамі. У дзяўчыны было з сабой запрашэнне на працу — але не аформленая працоўная дамова. Калі б Лера адразу адправілася да наймальніка ў Польшчу і склала патрэбны дакумент, то пытанні да яе, хутчэй за ўсё, адпалі б.

Што рабіць, каб вас не дэпартавалі

Польскі памежнік правярае рэчы / фэйсбук / STRAZGRANICZNA

Еўрарадыё раіць прытрымлівацца наступных рэкамендацый, калі вы едзеце ў Шэнгенскую зону па працоўнай візе:

а) сваю першую паездку здзяйсняйце ў тую краіну ЕС, якая выдала вам візу;

б) майце пры сабе запрашэнне на працу;

в) пасля прыбыцця ў Шэнгенскую зону не едзьце па справах у іншыя краіны і не адцягвайце сустрэчу з працадаўцам, а як мага хутчэй афармляйце працоўную дамову; копію дамовы вазіце з сабой;

г) у часе паездак будзьце на сувязі са сваім наймальнікам, ведайце на памяць яго нумар тэлефона, працоўны адрас. Таксама запомніце нумары консульства Беларусі і кантакты блізкіх людзей у Беларусі і ў той краіне, куды вы едзеце;

д) не забудзьцеся купіць сімку з еўрапейскім роўмінгам або падключыць роўмінг на сваёй сімцы: у цяжкай сітуацыі гэта вельмі дапаможа;

е) калі ў паліцыі паўсталі да вас нейкія пытанні і вас пасадзілі ў пастарунак — не спрачайцеся ў грубай форме. Паспрабуйце высветліць, у чым справа, і не падпісвайце ніякіх дакументаў без адваката. Чым бы вам ні пагражалі.

Беражыце сябе!