Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, генерал літоўскай артылерыі, калекцыянер, мецэнат Францішак Сапега нарадзіўся 28 жніўня 1772 году ў Варшаве.

Належаў да княскага роду Сапегаў, які залічаўся да праслойкі магнатаў Рэчы Паспалітай і меў вельмі значныя зямельныя валоданні. Францішак быў сынам князя Аляксандра Міхала Сапегі ад яго жонкі князёўны Магдалены (Агнешкі Магдалены Ганны) Любамірскай (1739-1780). Шлюб бацькоў адбыўся ў 1756 годзе. Бацька Аляксандр доўгі час не прызнаваў Францішка за свайго сына ад сваёй жонкі Магдалены Любамірскай, меўшай “набліжаны” статус пры двары караля Станіслава Аўгуста.

З 1782 года Францішак выхоўваўся ў Пулавах пад Варшавай – галоўнай рэзідэнцыі Чартарыйскіх — разам з маладымі братамі Канстанцінам Адамам і Адамам Ежы Чартарыйскімі і колам шляхецкай моладзі. Вучыўся ў Віленскім універсітэце. У 1792 годзе ўвайшоў у кіраўніцтва прарасейскай Таргавіцкай канфедэрацыі, у складзе яе падзячнай дэлегацыі наведаў Пецярбург.

Францішак Сапега быў генералам артылерыі ВКЛ у 1793-1795 гадах, шэфам карпусоў артылерыі і інжынераў. У 1793 годзе атрымаў ордэн Белага Арла і ордэн Святога Станіслава.

У 1793 годзе ажаніўся з графіняй Пелагеяй Розай Патоцкай (1775-1846), якая таксама належала да магнацкага роду і нарадзіла адзінага сына Яўстаха Каятана Сапегу (1797-1860), якому ў 1829 годзе перайшлі ў спадчыну вялікія маёнткі бацькі.

У 1794 годзе Францішак Сапега ўдзельнічаў у рыхтоўлі паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Атрымаў чын генерал-лейтэнанта, камандаваў дывізіяй. Пасля адмовы свайго далёкага кузена князя Казіміра Нестара Сапегі (1757-1798) узначаліць паўстанне ў ВКЛ князю Францішку Сапегу была прапанавана тая функцыя ў касьцюшкаўскім лісце ад 14 красавіка 1794 года. Аднак Францішак Сапега адмовіўся з прычыны сваёй некампетэнтнасці, папрасіў аб зняцці з пасады генерала дывізіі і ваяваў толькі ў нязначных і няўдалых ваенных аперацыях – быў кіраўніком паўстання ў Слонімскім і Ваўкавыскім паветах і на ўсходнім Падляшшы. Пасля задушэння паўстання прысягнуў расейскай імператрыцы Кацярыне ІІ і пазбег секвестра сваіх шматлікіх маёнткаў расейскімі ўладамі, у тым ліку дзякуючы сувязям з расейскім князем Мікалаем Рапніным.

У 1795 годзе Францішак Сапега паехаў у Пецярбург, а ў 1796 годзе пражываў у Херсоне і Перакопе. Як дэлегат ад шляхты Слонімскага, Ваўкавыскага і Наваградскага паветаў Францішак удзельнічаў у 1797 годзе ў каранацыі расейскага імператара Паўла І у Маскве. А калі, пасля ўрачыстасцяў, цар вырашыў ехаць у Пецярбург праз Беларусь і Літву, князь Сапега прымаў Паўла I ў сваім Дзярэчыне, атрымаў ад расейскага імператара чын тайнага саветніка, званне губернскага маршалка дваранства Менскай губерні і дазвол на фундаванне патранацкай камандорыі са свайго маёнтка Высокае і стаў камандорам Мальтыйскага ордэна.

Дзярэчынскі палац Сапегаў. Малюнак Напалеона Орды

Пазней Францішак Сапега вёў раздольны лад жыцця, вандраваў па Еўропе, часта бываў у Вільні. У 1801 годзе князь зноў быў выбраны дэлегатам у шляхецкую дэпутацыю на каранацыю расейскага імператара Аляксандра І, якога прасіў пра амністыю для польска-ліцвінскіх эмігрантаў і вязняў паўстання 1794 года і змоўцаў 1797 года.

Францішак Сапега быў адным з сама значных зямельных уласнікаў у Літве і Беларусі (Ружаны, Дзярэчын, Зэльва, Высокае, Мыш, Стары і Новы Быхаў, Друя і шмат іншых уладанняў). У сваіх маёнтках Ружаны і Дзярэчын трымаў тэатры, калекцыянаваў скарбы, сярод якіх было шмат каштоўных карцін сусветных мастакоў, меў вялікую бібліятэку.

Памёр Францішак Сапега ў Дзярэчыне, пахаваны ў Бярозе-Картузскай, дзе на той час былі пабудаваны шыкоўныя фамільныя пахавальні. Многія сапегаўскія каштоўнасці з рэзідэнцый Ружанаў і Дзярэчына знаходзяцца сёння ў Расеі, Францыі, Польшчы і іншых дзяржавах.

Кніга пра Сапегаў

Пісьменнік Міхась Скобла ў сваёй кнізе “Дзярэчынскі дыярыюш” піша: “Пры Францішку Сапегу ў дзярэчынскім палацы не змаўкалі балі. За князем касякамі цягнуліся ў Дзярэчын марк-графы і графы, бароны і віконты з берагоў Сены, Рэйна, Луары і Гароны. Францішак са сваіх вандровак прывозіў не толькі новыя запасы добрага заморскага пітва. На спецыяльных падводах у родавае гняздо ехалі французскія і англійскія кнігі, творы мастацтва, набытыя паміж гулянкамі ў начных клубах. Ведаў бы князь, што станецца з яго зборамі…”.

Пахаваны Францішак Сапега ў Бярозе-Картузскай. Памяць пра Францішка Сапегу ў Беларусі не ўшанавана.