Былую палітзняволеную настаўніцу музычнай школы ўключылі ў “тэрарыстычны” і “экстрэмісцкі” спісы.

Перадгісторыя: некалькі дзён таму, 29 чэрвеня, у Гарадзенскім абласным судзе па “справе Зельцэра” да года і двух месяцаў калоніі асудзілі палітзняволеную настаўніцу музычнай школы з Ліды Аксану Каспяровіч, якую ўтрымлівалі за кратамі дзевяць месяцаў. За каментар у Instagram яе прызналі вінаватай паводле арт. 130 КК (“Распальванне іншай сацыяльнай варожасці”).

Каментар быў такі:

“Посмотрела видео захвата квартиры, и поняла: очередной беспредел! До чего жаль парня, который защищал себя и свою семью(( Дикие действия, дикий результат(( Господа, разве для этого вы поставлены, чтоб пугать и уничтожать собственный народ???((( Сотрудник знал, на что шёл. Ему за это немалые деньги платят, работа его такая. А на месте парня с ружьём мне тоже было бы страшно за себя и свою семью((“.

З улікам тэрміна, які Аксана ўжо правяла за кратамі, ёй заставалася быць у зняволенні крыху больш за два тыдні. 8 ліпеня Аксана выйшла на волю з гарадзенскай турмы № 1. КДБ яшчэ падчас зняволення ўнёс палітзняволеную ў “спіс тэрарыстаў”.

30 жніўня праваабаронцы даведаліся, што некалькі дзён таму МУС уключыў Аксану яшчэ ў “спіс грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. Настаўніца знаходзіцца на волі ўжо другі месяц.

Аксане, як патрапіўшай у спісы КДБ і МУС, да пагашэння судзімасці і пяць гадоў пасля гэтага забараняецца займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу, яе фінансавыя аперацыі падлягаюць асабліваму кантролю. Ніякіх паведамленняў наконт уключэння яе ў спісы яна не атрымлівала. Тэлефонныя рахункі і рахункі заробных карт заблакаваныя. Немагчыма не толькі зняць грошы са сваіх старых рахункаў, але і адкрыць новыя.