У Гародні затрымалі Паўла Мажэйку. Журналіст з 30 жніўня знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Гая. Ён затрыманы пакуль на 72 гадзіны.

Прычыну затрымання блізкія пакуль не раскрываюць.

30 жніўня ў яго дома быў ператрус — ён доўжыўся больш за шэсць гадзін. Пасля гэтага Мажэйка не выйшаў на сувязь.

У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным у рамках справы «аб рэабілітацыі нацызму» за дэманстрацыю партрэта ўдзельніка антысавецкага падполля Аўгена Жыхара. Але тады Мажэйку вызвалілі пасля 72 гадзін арышту. А Пушкін праз год быў асуджаны на пяць гадоў калоніі.

Павел — вядомы гродзенскі журналіст, адна з галоўных асобаў грамадска-культурнага жыцця Гродна. Яго журналісцкі стаж налічвае больш за 20 гадоў. У 2002 годзе яму прысудзілі два гады хіміі за «паклёп» на Аляксандра Лукашэнку ў артыкуле ў газеце «Пагоня» пра знікненні Захаранкі, Ганчара ды іншых апанентаў кіраўніка Беларусі.

Вёў аўтарскія праграмы на «Белсаце», а ў родным горадзе стварыў Цэнтр гарадскога жыцця. Цэнтр быў ліквідаваны ўлетку 2021 года.