Вашай увазе рэгіянальны каляндар круглых і юбілейных датаў на верасень.

1 верасьня

Сусьветны дзень міру.

590 гадоў таму (1432) – У Вялікім Княстве Літоўскім адбыўся дзяржаўны пераварот у выніку якога вялікім князем ВКЛ абвешчаны Жыгімонт Кейстутавіч.

20 гадоў таму (2002) – У Міры прайшоў Дзень беларускага пісьменства.

4 верасьня

210 гадоў таму (1812) – Памёр Геранім Сангушка, ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, генерал ВКЛ. У час вызвольнага паўстаньня 1794 г. узначаліў у Гародні войскі ВКЛ.

5 верасьня

105 гадоў таму (1917) – У в. Гарадэчна (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Язэп Сажыч, дзеяч беларускай эміграцыі (ЗША), старшыня рады БНР з 1982 па 1997.

85 гадоў таму (1937) – У Менску НКВД расстраляны Анатоль Дзяркач (сапр. Анатоль Зімёнка), беларускі паэт, сатырык, гумарыст. Нараджэнец мяст. Турэц (Карэліцкі р-н).

30 гадоў таму (1992) – У Таронта памёр Сяргей Хмара (сапр. Сіняк), беларускі пісьменьнік, паэт, журналіст, выдавец, з 1944 г. жыў у эміграцыі (Нямеччына, Канада). Сяргей Хмара нараджэнец мястэчка Казлоўшчына, што ў Дзятлаўскім раёне.

8 верасьня

Дзень беларускай вайсковай славы.

5 гадоў таму (2017) –У Песках (Лідскі раён), прайшоў фэст у гонар Дня беларускай вайсковай славы. На яго прыехалі музычныя выканаўцы, творцы з усёй Беларусі.

10 верасьня

80 гадоў таму (1942) – У Пецярбургу саветамі расстраляны Павал Хоміч, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар. Нараджэнец Ваўкавыску.

11 верасьня

200 гадоў таму (1822) – Памёр Фартунат Жулкоўскі, актор, драматург, удзельнік вызвольнага паўстаньня 1794 г. Нараджэнец Наваградчыны.

30 гадоў таму (1992) – У Наваградку адчынены гісторыка-краязнаўчы музей (заснаваны 29.7.1987).

12 верасьня

20 гадоў таму (2002) – Пачаліся трохдзённыя ўрачыстасьці ў зьвязку з 200-ымі ўгодкамі з дня нараджэньня Ігната Дамейкі. Мерапрыемствы прайшлі ў вёсках Крупава і Запольле (Лідзкі р-н), Наваградку і Міры.

15 верасьня

115 гадоў таму (1907) – У Берасьці нарадзіўся Барыс Суравы (памёр у сьнежні 1998 г.), беларускі грамадзкі дзеяч, эмігрант (Вялікабрытанія). У час другой сусьветнай вайны быў школьным інспектарам, кіраўніком СБМ па Слонімскай акрузе.

25 гадоў таму (1997) – Памёр Рудольф Пастухоў, беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзеяч. Жыў у Слоніме з 1970 году.

20 гадоў таму (2002) – У Бяліцы (Лідзкі р-н) былі ўсталяваныя памятны крыж і мэмарыяльная пліта ў гонар бітвы 1659 году, калі шляхта Лідзкага павету дала бой 30-тысячнаму маскоўскаму войску (празь месяц памятныя знакі былі зьнішчаны ўладай).

17 верасьня

110 гадоў таму (1912) – У в. Пількаўшчына (Мядзельскі р-н) нарадзіўся Максім Танк (сапр. Яўген Скурко), беларускі грамадзкі дзеяч, паэт. Удзельнік заходнебеларускага руху.

100 гадоў таму (1922) – У в. Сіняўская Слабада (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Уладзімір Калесьнік, беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік.

95 гадоў таму (1927) – У в. Купіск (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Павал Навара, удзельнік БКА, дзеяч эміграцыі (Вялікабрытанія). Вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай семінарыі.

18 верасьня

215 гадоў таму (1807) – У Вільні памёр Францішак Смуглевіч, жывапісец, графік, педагог, які працаваў на Гарадзеншчыне.

19 верасьня

225 гадоў таму (1797) – У Гародні нарадзіўся Януар Сухадольскі, жывапісец-баталіст, удзельнік паўстаньня 1830-31 гг.

20 верасьня

100 гадоў таму (1922) – У в Праважа (Вараноўскі р-н) нарадзіўся Уладзімер Сідлярэвіч, дзеяч БКА, беларускай эміграцыі (Нямеччына, Аўстралія). Вучыўся ў Лідзе, працаваў настаўнікам у Васілішках (Шчучынскі р-н).

23 верасьня

5 гадоў таму (2017) – У мястэчку Жодзішкі (Смургонскі р-н) у будынку воднага млыну адчынены музей побыту беларусаў.

5 гадоў таму (2017) – У вёсцы Зачэпічы (Дзятлаўскі р-н) прайшло абласное свята беларускай паэзіі. На хаце, дзе жыў Пятрусь Граніт (Іван Івашэвіч) усталявана шыльда з назвай вуліцы ў гонар паэта.

24 верасьня

5 гадоў таму (2017) – У Мажэйкаве (Лідскі р-н) прайшоў 1-ы фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага.

25 верасьня

25 гадоў таму (1997) – Гарадзенскі гарсавет зацьвердзіў сьцяг Гародні – блакітная харугва, на якой вышыты залаты алень Сьвятога Губерта, які пераскоквае праз плот.

26 верасьня

20 гадоў таму (2002) – У Гародні памёр Аляксандар Шыдлоўскі, беларускі культурны дзеяч, кампазітар. Пахаваны на могілках па прасп. Касманаўтаў.

27 верасьня

Сусьветны дзень турызму.

600 гадоў таму (1422) – Каля возера Мельна (у сутоках рэк Вісла і Аса) падпісаны мір паміж Польшчай з ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам, які канчаткова завяршыў апошнюю вайну паміж ордэнам і ВКЛ.

130 гадоў таму (1892) – У в. Віцькі (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Сяргей Баран (загінуў у 1937 (?) у савецкім зьняволеньні), беларускі грамадзка-культурны дзеяч, педагог.

28 верасьня

85 гадоў таму (1937) – У Менску НКВД расстраляны Міхаіл Лойка, беларускі эканаміст, географ, матэматык. Нараджэнец в. Ярэмічы (Карэліцкі р-н).

29 верасьня

15 гадоў таму (2007) – У Сынковічах (Зэльвенскі р-н) да 600-годдзя Сынковіцкай царквы адбыўся першы Дзень хрысьціянскай паэзіі.

30 верасьня

130 гадоў таму (1892) – У мяст. Мяджыбаш (цяпер Лятычаўскі р-н Жытомірскай вобл., Украіна) нарадзілася Зоська Верас (сапр. Людвіка Сівіцкая, па мужу Войцікава), беларуская пісьменьніца, грамадзка-культурная дзяячка. Жыла ў Гародні.

55 гадоў таму (1967) – У Кастоўцу (Варшаўскае ваяв., Польшча) памёр Янка Францук, беларускі каталіцкі сьвятар, вязень савецкага канцлягеру. Нараджэнец в. Ліпнішкі (Івейскі р-н).