
Фігуранта «справы Аўтуховіча» Антона Мельхера перавялі пад хатні арышт.
Пра гэта расказала дачка Мікалая Аўтуховіча ў сябе ў інстаграме.
Па яе словах, тэрмін яго ўтрымання пад вартай скончыўся. Цяпер Мельхер «ў інтэрнаце без дзвярэй, насупраць жывуць амапаўцы».
У лютым 2021 КДБ унёс Мельхера ў «спіс тэрарыстаў».
У снежні 2021 года сюжэт тэлеканалу «Беларусь 1» расказаў, што 27-гадовы Антон Мельхер «аказваў тую ці іншую дапамогу Аўтуховічу». Мяркуючы па старонцы Мельхера Вконтакте, у 2015 годзе ён скончыў эканамічны факультэт Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Абвінавачанымі па справе праходзяць 12 чалавек. Галоўны фігурант — прадпрымальнік з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч. КДБ сцвярджае, што Аўтуховіч назапасіў зброю і выбухоўку ва Украіне, уладкаваў некалькі схронаў і пашкодзіў машыны двух міліцыянтаў. Судовы працэс па справе ў Гародні ідзе з другой паловы мая.