Пасля актывізацыі расейскай ваеннай экспансіі ва Украіну ў Гародні тую частку гарадскога транспарту, якая была ў жоўта-блакітнай каляровай гаме, перафарбавалі ў сіні колер. Відавочна, што гарадскія ідэолагі на ўсялякі выпадак перастрахаваліся, пазбавіўшыся крамольных “украінскіх” колераў.

Нядаўна жыхары гораду (усяго 76 чалавек) звярнуліся да гарадскіх уладаў з просьбай вярнуць транспарту ранейшую расфарбоўку, якая адпавядае колерам герба і сцяга Гародні.

У адказе Гарадзенскага гарвыканкаму, які падпісаў першы намеснік старшыні гарвыканкаму Андрэй Жук, гаворыцца, што «окраска транспортных средств никак не влияет на качество предоставляемых услуг». Паводле гарадзенскіх чыноўнікаў сіні колер выбраны як найбольш практычны для эксплуатацыі ў гарадскіх умовах, а аднатоннымі аўтобусы сталі «в целях экономии финансовых средств».