ГУБАЗіК затрымаў галоўнага агранома гаспадаркі — яго вінавацяць у сувязі з беларускім падполлем. Мужчына працаваў у Маларыцкім раёне. Яну Габісу 34 гады, ён нарадзіўся ў вёсцы Лойкі Гарадзенскага раёна.

Мужчына вучыўся ў Ліцэі №1 Гародні, а пасля ў Гарадзенскім аграрным універсітэце. Апошнім часам ён жыў у Маларыце і працаваў галоўным аграномам на адной з гаспадарак раёна. Паралельна ён займаецца невялікім уласным сеткавым бізнэсам. У мужчыны ёсць сям’я, двое дзяцей — сямі і чатырох гадоў. Сям’я — пратэстанцкія вернікі. Сілавікі абвінавачваюць Яна ў тым, што ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і пакідаў каментарыі ў тэлеграме. Імаверна, што пачата крымінальная справа.