Беларускі грамадска-палітычны і вайсковы дзеяч Язэп Сажыч нарадзіўся 5 верасня 1917 года ў Гарадэчне пад Наваградкам. Сям’я Сажычаў паходзіла з мясцовасці Нягневічы. Дзед Язэпа Тамаш, адслужыўшы ў войску 25 гадоў, атрымаў дзве дзесяціны зямлі каля Наваградку. Бацька Язэпа, Сымон Сажыч, які меў чатырох дзяцей, на пачатку 20 стагоддзя паехаў на заробкі ў ЗША, дзе жыў у Нью-Ёрку, развозіў там піва. За заробленыя грошы накіраваў старэйшага сына ў вышэйшую народную вучэльню ў Наваградку. Даведаўшыся, што жонка памерла, вярнуўся ў Беларусь, дзе, дакупіўшы зямлі, ажаніўся з Верай Дарашэвіч. Памёр у 1919 годзе ад “гішпанкі”. Язэп пэўны час навучаўся ў беларускай гімназіі, потым скончыў польскую гімназію ў Наваградку. У 1938 годзе мабілізаваны ў польскае войска, пасланы навучацца ў школе падхаружых у Торуні, скончыў яе сяржантам.

Язэп Сажыч – удзельнік нямецка-польскай вайны 1939 года ад самага яе пачатку, камандзір узводу. 14 верасня цяжка паранены, трапіў у нямецкі палон. Быў пераведзены ў шпіталь у Лодзі, адкуль праз Беласток вярнуўся ў Наваградак. Працаваў скарбнікам у сельпо, пасля паступіў на ўлікова-эканамічны факультэт Львоўскага ўніверсітэту. З нападам Нямеччыны на СССР мабілізаваны ў Чырвоную армію, але дэзертаваў і вярнуўся ў Львоў. Там працаваў у харчовай краме, супрацаваў з украінскім рухам. Пазней вярнуўся ў Наваградак, удзельнічаў у арганізацыі беларускіх вайсковых адзінак. Служыў у Беларускай дапаможнай паліцыі. Летам 1942 г. прызначаны камендантам падаафіцэрскай школы Беларускай народнай самапомачы. У лютым 1943 г. арганізаваў у Лідзе Беларускі батальён чыгуначнай аховы, фармаваў яго ў Маладэчне, Стоўпцах, Баранавічах. З ліпеня 1943 г. выкладаў у афіцэрскай школе ў Мінску. Пасля таго, як немцы адсунулі ад кіравання беларусаў, стаў афіцэрам прапагандавага батальёну. Напачатку 1944 г. увайшоў у Беларускую краёвую абарону, кіраваў ротай. У чэрвені 1944-га ўдзельнічаў у ахове Другога Усебеларускага кангрэсу, уступіў у Беларускую незалежніцкую партыю.

З ліпеня 1944 г. у эміграцыі. Быў перавезены на французскую мяжу, у Саарбрукен. Там атрымаў загад пры першай магчымасці перайсці да французскіх партызанаў і ўсталяваць з імі кантакт ад імя падпольных беларускіх уладаў. Калі пра гэта даведалася СД, быў пераведзены ў Берлін. Удзельнічаў у стварэнні беларускага дэсантнага батальёну Дальвіц, увайшоў у склад 1-га кадравага батальёну БКА. У Баварыі выконваў функцыі каменданта афіцэрскай школы. Перад заканчэннем вайны паспеў яшчэ прайсці курсы ў нямецкай афіцэрскай школе ў Ростаку. Канец вайны сустрэў у Цюрынгіі, там ажаніўся з Барбарай Мазурай. Потым перабраўся з сям’ёй у Гесэн. Там нарадзілася дачка Алена. Вывучаў медыцыну ў Марбурскім універсітэце, адначасна працаваў. У 1950 годзе з дыпломам лекара выехаў у ЗША. Працаваў анэстэзіёлагам. У 1961 г. нарадзіўся сын Язэп (пазней пратэстанцкі місіянер). Стаў адным з заснавальнікаў аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў штаце Мічыган, арганізаваў там праваслаўную парафію Святога Духа. З 1953 г. – сябра Рады БНР. Заснаваў аддзел Згуртаваньня беларускіх ветэранаў у Дэтройце, сакратар у справах вэтэранаў пра Радзе БНР. У 1982-97 гг. – старшыня Рады БНР. У сакавіку 1993-га на 75-ыя ўгодкі БНР прыязджаў у Мінск. 

Памёр Язэп Сажыч 19 лістапада 2007 году ў Saint Clair Shores, Мічыган. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрсі).