85 гадоў таму – 5 верасня 1937 году – у Менску НКВД расстраляў беларускага літаратара Анатоля Дзеркача.

Беларускі паэт, сатырык, гумарыст Анатоль Дзяркач (сапраўднае прозвішча Зімёнка) нарадзіўся 18 красавіка 1887 года ў мястэчку Турэц (Карэліцкі раён).

У 1904 годзе скончыў народную вучэльню ў Навагрудку. Служыў у земскай і гарадской управах у Менску. Быў сябрам партыі эсэраў. У 1908 годзе арыштаваны, адпраўлены ў ссылку. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году служыў у менскіх адміністрацыйных органах Часовага ўрада.

Дэбютаваў у друку ў 1904 годзе; спачатку пісаў на расейскай мове. Працуючы ў сатырычным жанры, узяў сабе псеўданім Анатоль Дзяркач. Пісаў творы для дзяцей. Перакладаў з расейскай і ўкраінскай моў. Аўтар успамінаў.

Працаваў у газеце «Беларуская вёска»; з 1924 рэдактар сатырычнага часопісу «Дубінка» (дадатак да газеты “Звязда” ); працаваў у газеце “Піянер Беларусі”, часопісе “Полымя”. З 1934 году быў сябрам Саюзу пісьменнікаў БССР.

Арыштаваны 16.10.1936 года; расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 годзе. Памяць пра яго не ўшанаваная.