Кожны аўторак у 20:05 па беларускім часе (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма “Вясна”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека. 

Прэм’еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут (калі не адкрываецца, то карыстайцеся VPN)А таксама 98,1 FM для Гродна і 99,2 FM для Брэста.

(Анонсы папярэдніх выпускаў глядзіце тут).

Крымінальны пераслед: рэзанансны прысуд палітолагу і літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуту і кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву (10 гадоў калоніі), юрысту Юрыю Зянковічу (11 гадоў калоніі), а таксама Дзянісу Краўчуку і Вользе Галубовіч (па два з паловай гады калоніі). Гэтую справу называюць “справай змоўшчыкаў” — бо ў абвінавачванні трох чалавек ёсць ч. 1 арт. 357 КК — “змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”. Але ці была змова?

“Нельга абвінавачваць людзей толькі на той падставе, што яны нешта абмяркоўвалі”, — адзначае юрыстка ПЦ “Вясна” Святлана.

Падзея: У Беларусі затрымалі праваабаронцу з Мазыра Уладзіміра Целяпуна — за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі ў фэйсбуку.

“Відавочна, што Уладзіміра рэпрэсуюць за рэалізацыю яго права на выказванне меркавання”, — адзначае праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч.

Асоба: Палітзняволены Арцём Мацук амаль два гады знаходзіцца ў зняволенні. Яго бацька Сяргей Мацук распавядае пра жыццё сына ў калоніі.

Па-за межамі: Беларусы Варшавы працягваюць пісаць лісты палітвязням. Чаму?

“Калі з Беларусі пішуць [лісты] меней, то мы тут, у бяспецы, мусім браць гэтую нагрузку на сябе. Другая прычына — гэта ціск на адміністрацыю. Калі нават лісты не даходзяць да палітвязняў, але іх усё роўна чытаюць цэнзары”.

У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні Naka Piano.