Анджэй Пачобут паведаміў блізкім, што 5 верасня скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы. Аб’ём справы агромністы, а на знаёмства з ёй выдзелілі толькі месяц. Пачобут для таго, каб прачытаць як мага больш, нават адмовіўся ад абеду і чытаў матэрыялы з раніцы да вечара.

Пра знішчэнне польскіх мемарыялаў Пачобут піша наступнае:

“…Чуў пра Сурканты, насамрэч гэта апошні стрэл, больш ужо нічога няма, каб на польскі мазоль наступіць. Жаўнеры, яны 50 гадоў без крыжа ляжалі, таму ім не звыкаць… А памяць пра Сурканты, пра жаўнераў, ад гэтага толькі ўзмацніцца як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Не першы раз у гісторыі разбураюцца польскія могілкі…”.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года па так званай “польскай справе” — разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. Трох затрыманых актывістак пазней выпусцілі з-за кратаў, дазволіўшы выехаць у Польшчу. У Беларусі засталіся Пачобут і старшыня неафіцыйнага “Саюза Палякаў у Беларусі” Анжаліка Борыс. Яе сёлета ўвесну перавялі пад падпіску аб невыездзе. 

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Пачобута звінавацілі ў “распальванні варажнечы па нацыяльнай прыкмеце”. Таксама паведамлялася, што яго абвінавацілі ў закліках да санкцый.