У Дзень міжнароднай салідарнасці журналістаў у інтэрнэце з’явілася старонка, прысвечаная новаму палітвязню, вядомаму журналісту і грамадскаму дзеячу Паўлу Мажэйку.

Напомнім, што Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня ў Гародні, у яго дома быў ператрус — ён доўжыўся больш за шэсць гадзін. Пасля гэтага журналіста спярша завезлі ў гарадзенскі ІЧУ. А раніцай 2 верасня яго перавялі ў Следчы ізалятар. Перавод у СІЗА азначаў, што яму прад’яўлена абвінавачанне і выбрана мера стрымання – узяццё пад варту. Па якім артыкуле пачата крымінальная справа дакладна невядома.