
Ізноў лета адляцела ў вырай. Такі прыродны і Божы кругаварот нябеснага сонцавандравання. На жаль, вайна ва Украіне не адгрымела яшчэ апошнім снарадам, апошнімі ахвярамі, а надалей маем наступныя разбураныя гарады і вёскі, чарговых унутраных і замежных украінскіх бежанцаў. Мірнага, спакойнага неба, а затым дзён і начэй без паветранай трывогі не відаць. Як і не відаць, калі наступіць час мірнай адбудовы таго, што зруйнаванае расійскай агрэсіяй — вынікам пуцінскага шаленства. А колькі часу спатрэбіцца, каб усё адбудаваць, за якія сродкі? Бо ж зараз патрэбы ваеннай эканомікі ставяць бюджэт украінскай дзяржавы на грані банкруцтва. Таму дапамога заходніх краін Украіне ўзбраеннем і фінансавай стабілізацыяй гэта проста не вымушаная на іх ласка, але іхні палітычны і грамадскі інстынкт самазахавання. Бо інакш заходні мір таксама абліецца горкімі слязамі і захлынецца атрутнымі пладамі расійскай атакі, спачатку спазнаўшы холад і голад сваіх народаў. А ўсё гэта цана за блізарукасць, палітычны інфантылізм, спалучаны з імперскімі задумкамі кіраваць светам і дзяліць яго пры дапамозе пуцінскай дыктатуры.
Цану за маральнае і палітычнае прадажніцтва з 2014 года спазнае трагічна ўкраінскі народ, разам з тымі ўсімі народамі і дзяржавамі, што апынуліся ў зоне палітычных і мілітарных дзеянняў Расеі пасля развалу Савецкага Саюза. Яшчэ перад захопам Крыма многія трагічна спазналі смак высунутага і ўзброенага кулака маскоўскай палітыкі, якая толькі дзеліць і кіруе дзеля выгады гаспадароў крамлёўскіх веж, а не інтарэсаў суседніх народаў і дзяржаў. Геапалітычная ненасытнасць расейскага імперыялізму пад пуцінскай трансфармаванай зоркай патрабуе доказаў у рэальным захопе канкрэтных тэрыторый і падбітых народаў. Сімвалічным у гэтым плане з’яўляецца ідэя рускага міру, якая на аснове быцця суседніх славянскіх народаў і праваслаўнага веравызнання згодна з крамлёўскай прапагандай не можа дазволіць беларусам і ўкраінцам выняць свае галовы з маскоўскай пятлі і вызваліцца ад рэальнага прыгнёту пад яе пятой.
На такім фоне палітычных памкненняў роля дыктатара Аляксандра Лукашэнкі ўнутры Беларусі бачыцца адпаведна распісанай маскоўскім уладаром яму роляй Бо ж тэрытарыяльны, мілітарны рэсурс беларускай дзяржавы ўжо аддадзены і, на жаль, скарыстаны расейскімі агрэсарамі ў ракетных атаках па Украіне. Пра нейкую дыпламатычную самастойнасць і гаварыць не прыходзіцца, каб у будучыні назва Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь абазначала існаванне незалежнай і дэмакратычнай беларускай дзяржаўнасці і не да канца было зганьбаваным у любой форме. Але на сёння калабаранцкае кіраўніцтва мінскай метраполіі заядла ваюе дзесяцігоддзямі са сваім народам і ягоным суверэнітэтам. Ваюе фізічна і духоўна з лепшымі дачкамі і сынамі гэтай зямлі і іх спрадвечнай, роднай мовай. І гэта скрытая, нябачная вайна, якая прымусіла стаць палітычнымі і эканамічнымі бежанцамі ўжо значна больш, чымсьці сотні тысяч беларусаў. Ганьба, за якую абавязкова сам Аляксандр Лукашэнка і ўсе яго апрычнікі па ўсёй іх вертыкальнай і гарызантальнай структуры абавязкова павінны быць прыцягнуты да адказнасці за злачынствы супраць уласнага народа!
Жнівень у жыцці Украіны і Беларусі — радасны месяц. З 24 жніўня 1991 года ва Украіне святкуецца Дзень Незалежнасці Украіны, а дата 25 жніўня 1991 года ў Беларусі запісалася ў гістарычна-палітычным плане як дзень надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. І нават гэтая важная ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці дата адкінутая дыктатарам Лукашэнкам. Толькі дзеля гістарычнай праўды абавязкова трэба нагадаць, што быў ён адным з нешматлікіх дэпутатаў тадышняга Вярхоўнага Савета, які галасаваў супраць акту незалежнасці беларускай дзяржавы. Дык тады застаецца толькі здзіўляцца і горка заплакаць, што самі беларусы выбралі яго потым у 1994 годзе на пост першага прэзідэнта краіны. Гэта ж парадокс, што чалавек, які ад самога пачатку быў супраць існавання незалежнай Беларусі, стаў яе прэзідэнтам! Ну што ж, відаць за нацыянальныя грахі прыходзіцца па-біблейску пакутаваць сама меней дзесяцігоддзямі.
Яўген Вапа