Палітвязень, аўтар «Новага часу», журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын з-за кратаў алегарычна аналізуе хаду вайны ва Украіне. Ён даслаў цікавы ліст сваёй жонцы Вользе Івашынай. Вось вытрымкі з яго:

«Калі скарыстаць з гістарычнага дыскурсу і пэўнай рэмінісцэнцыі, то можна засведчыць, што войскі персідскага цара Дарыя ўжо зазналі паражэнне ў Скіфіі. Як мне падаецца, вядзецца выключна зараз пра “захаванне аблічча” сатрапа Персіі. Моц жа Скіфіі ўвесь час толькі будзе ўзмацняцца. Скіфія сцвердзілася ўжо як палітычная нацыя, усяму свету давяла моц сваёй дзяржавы, арміі, вялікі ўзровень абароназдатнасці. З ёю вымушаныя будуць весці перамовіны, да таго ж, шмат у чым зыходзячы з ейных інтарэсаў. Гэтыя перамовіны могуць адбыцца ўжо пасля ключавых падзеяў, якія, цалкам мажліва, адбудуцца да кастрычніка», — мяркуе Івашын.

Аднак ён не чакае хуткага канца супрацьстаяння ва Украіне. «Працэс абменных аперацыяў і гэтак далей — можа расцягнуцца на гады, таму назапашваемся цярпеннем, трымаем зубы сцятымі, маральна-баявы дух — высокім, захоўваем спакой і верым у Скіфію!», — зазначае Дзяніс.

Ключавымі падзеямі Дзяніс лічыць, меркавана, вызваленне акупаваных тэрыторый «Скіфіі» ды паразу войскаў усходняй дэспатыі, за якімі абавязкова пачнуцца перамовы пра мір і абмен палоннымі.

Нагадаем, журналіст-расследавальнік, аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын знаходзіцца ў няволі з 12 сакавіка 2021 года. Яго абвінавачваюць паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў), а таксама паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Дзянісу можа пагражаць ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Падтрымайце журналіста лістамі, тэлеграмамі, пераводамі і пасылкамі: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.