
Апошнім часам адбыўся цэлы шэраг гісторый, звязаных з гвалтоўным затрыманнем сілавікамі гідаў, якія вялі экскурсіі ў розных гарадах Беларусі.
Урад Беларусі ўзяўся за працу экскурсаводаў з уласцівай яму рэакцыйнасцю: адной пастановай ён зацвердзіў палажэнне аб прафесійнай атэстацыі і вядзенні спецыяльнага рэестра экскурсаводаў.
Паводле паведамлення pravo.by, цяпер для правядзення экскурсій трэба будзе прайсці прафесійную атэстацыю і атрымаць пасведчанне. У прэтэндэнтаў будуць правяраць веды. Хто будзе вызначаць патрабаванні да ведаў і трактовак гістарычных фактаў, не вельмі зразумела. Магчыма наствараюць адмысловых камісій з чыноўнікаў і ідэолагаў.
Гіды будуць змушаныя таксама прадстаўляць камісіі тэксты і мапы экскурсій. Тут пачынаецца яшчэ вялікая бюракратыя: на аўтарскія экскурсіі трэба будзе атрымаць па дзве рэцэнзіі ад “кампетэнтных асоб” — калег, якія працуюць больш за два гады.
Калі экскурсія не спадабаецца камісіі, яна можа адмовіць у акрэдытацыі. Праводзіць ніякія іншыя, акрамя зацверджаных, гідам нельга. Пры гэтым усіх экскурсаводаў уключаць у адзіны рэестр.
Увойдуць у сілу ўсе гэтыя новаўвядзенні з 1 студзеня 2023 году.
У праўладных антыбеларускіх тэлеграм-каналах апошнімі тыднямі актыўна скардзяцца на “няправільную” трактоўку гісторыі і зместу экскурсій — маўляў, яны “уліваюць у вушы бчб-ерась”.