10 верасня ў Дзятлаве на дажынках сярод іншых забаваў мясцовых насельнікаў чакала “конно-трюковое представление ООО “Есаул” пад назвай “Едут по Берлину наши казаки”. Дзіўна, калі яны едуць па Берліне, чаго яны прыперліся ў Дзятлава?!

Акрамя гэтага пункту праграмы на афішы мерапрыемства значыўся і выступ нейкага ансамбля “Гуляй казак”. Цікава толькі, чые ідэалагічныя інтарэсы пільнуюць чыноўнікі Дзятлаўскага райвыканкаму, запрашаючы ў беларускі райцэнтр такіх гасцей і выступоўцаў?! Бо відавочна, што ад такіх “творчых” калектываў за вярсту патыхае непрыхаваным махровым расейскім вялікадзяржаўным шавінізмам і маскоўскай прапагандай.
Затое беларускай культуры месца ўжо зусім няма. Штогод цягам 5 гадоў у вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне праходзіла Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі і песні. Сёлета свята не адбудзецца, мясцовыя чыноўнікі пабаяліся дазволіць яго правесці. Маўляў, з-за вялікай колькасці розных мерапрыемстваў, свята паэзіі ў Зачэпічах няма куды ўпіхнуць. Такая пазіцыя Дзятлаўскага райвыканкаму.