Мікалая Аўтуховіча, якога абвінавачваюць (https://spring96.org/be/news/108117) па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, утрымліваюць за кратамі ўжо больш за 21 месяц. Лісты ад вязня даходзяць толькі ягонай маці. У нядаўняй вестачцы ён распавёў пра праблемы з атаваркай і пасылкамі. Пра гэта ў фэйсбуку распавялі яго сябры:

«А ў гарадзенскай турме нядаўна ўвялі чарговыя новыя правілы да перадач і пасылак. Цяпер адмаўляюцца перадаваць прадукты, якія ёсць у продажы на атаварцы. “Баржомі“ і сокі з пасылкі адправілі на склад, бо ў турэмнай краме можна купіць ваду “Фрост” і сок “Сочны”. Аліўкавы алей у перадачы не прынялі, бо ў іх краме (часам) прадаецца сланечнікавы алей, і нават тое, што яго не было ў продажы, не паўплывала. З садавіны прымаюць цяпер толькі апельсіны, мандарыны, лімоны, яблыкі і грушы. Авакада, бананы і ківі, якія раней бралі без пытанняў, цяпер прымаць адмаўляюцца. Вось яшчэ Мікалай напісаў, што набыць нешта на атаварцы таксама становіцца праблемай, бо да яго проста не прыходзяць з крамы».

…Але ў цэлым Мікалай трымаецца незвычайна годна і моцна. Кажуць, выглядае ўжо добра, наколькі гэта магчыма, узнавіўся пасля галадоўкі, толькі цукар у крыві высокі.

З улікам новаўвядзенняў у пасылках можна адпраўляць сала, вяленая мяса і кілбасы, мясныя чыпсы, вытрыманы сыр, які не сапсуецца без лядоўні, арэхі, сухафрукты (сушаныя яблыкі, курагу), яблыкі, грушы, лімоны, апельсіны, мандарыны, агуркі, радыску, цыбулю, часнок, печыва, шакалад, зефір. Таксама дарэчы будуць канверты 1 класа, ручкі».

Нагадаем, з 11 ліпеня па 1 жніўня Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газет.

Падтрымаць Мікалая пасылкамі і лістамі салідарнасці: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу
Напісаць анлайн bit.ly/3PIOcjz