100 гадоў таму, у канцы снежня 1922 года быў утвораны Савецкі саюз. Дзяржава, якая прынесла акупацыю, няволю і вайну шматлікім народам. Сімвалічна, што ў 2022 годзе памерлі знакавыя асобы, якія лёсам былі звязаныя з канцом існавання гэтай дзяржавы – Станіслаў Шушкевіч, Генадзь Бурбуліс, Леанід Краўчук, Міхаіл Гарбачоў. А яшчэ cёлета пакінулі гэты свет ўсе апошнія камуністычныя кіраўнікі БССР – Мікіта Слюнькоў, Яфрэм Сакалоў, Анатоль Малафееў. Яны нараджэнцы беларускіх мясцовасцяў на ўсходзе нашай краіны, але ніколі не дбалі пра беларускія інтарэсы, вернападдана служылі Маскве, хавалі праўду пра Чарнобыльскую катастрофу. Век іх быў доўгім, але да пакаяння за свае страшныя грахі гэтыя савецка-камуністычныя функцыянеры так і не прыйшлі. Цяпер яны ўжо зусім на іншым «судовым працэсе». Толькі Вячаслаў Кебіч памёр раней у 2020-ым – 9 сьнежня (заўважу, што Белавежскія пагадненні былі 8 сьнежня!). З падпісантаў эпахальнага рашэння ў Віскулях раней пайшоў з жыцця першы прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын. Такім чынам з шасці галоўных падпісантаў дакументу пра канец існавання Савецкага саюзу ў жывых застаецца толькі колішні прэм’ер-міністр Украіны, амаль 90-гадовы Вітольд Фокін.

Сыход з жыцця Міхаіла Гарбачова быў адзначаны самымі палярнымі ацэнкамі. У аналізе яго палітычнай дзейнасці хіба ня варта кідацца ў скрайнасці. Гарбачоў быў сынам сваёй эпохі і напэўна іншым не мог быць. Сам ён меў нібыта чалавечае аблічча, але цэлы час імкнуўся будаваць «сацыялізм з чалавечым тварам», што было досыць наіўным. Нягледзячы на значныя пазітыўныя вынікі перабудовы, ён так і застаўся камуністам і ў значнай ступені імперцам, паколькі на схіле жыцця па-сутнаці падтрымаў акупацыю расейцамі Крыма. У сам час кіравання першага і адзінага прэзідэнта было закладзена нямала мінаў запаволенага дзеяння – правакаванне ваенных канфліктаў у Абхазіі, Паўднёвай Асетыі, Прыднястроўі пачалося яшчэ тады. І рабілася гэта якраз для таго, каб Грузія і Малдова не маглі спакойна і мірна пайсці шляхам трох балтыйскіх рэспублік, якія першымі разумна паспяшаліся пакінуць «імперыю зла».

Нельга таксама забывацца на тое праліванне крыві, якое адбылося ў Тбілісі, Баку, Вільні. 9 красавіка 1989 года ў цэнтры сталіцы Грузіі на праспекце Руставелі войскі жорстка разагналі прыхільнікаў незалежнасці рэспублікі. Пры тым загінуў 21 чалавек, а соткі былі паранены. А ў ноч на 20 студзеня 1990 года ў сталіцу Азербайджана былі ўведзены савецкія войскі. Нагодай для гэтага паслужылі так званыя армянскія пагромы. Увод войскаў планаваўся загадзя, а для яго выкарысталі правакацыі. «Чорны студзень» у Азербайджане быў адзначаны гібеллю ажно 170 чалавек. Нарэшце ў ноч на 13 студзеня 1991 года савецкія войскі захапілі Віленскую тэлевежу і шэраг урадавых будынкаў, забіўшы 14 і параніўшы каля 700 (паводле іншых звестак каля 900) мірных цывільных абаронцаў свабоды і незалежнасьці Летувы, сярод абаронцаў якой былі і беларусы. Сам Гарбачоў сцвярджаў, што даведаўся пра штурм у Вільні толькі раніцай 13 студзеня, у што паверыць надзвычай цяжка.

Канешне далёка не адзін Гарбачоў быў вінаваты ў гэтых ахвярах, але вялікая доля адказнасці ляжыць і на ім. З іншага боку Горбі не быў крыважэрным, як прыкладам, Пуцін. У той жа Вільні дейнічаць па кітайскім сцэнары плошчы Цяньаньмэнь апошні генсек КПСС не захацеў ці пабаяўся. Імаверна ён увогуле спадзяваўся, што захоп летувіскага будынку парламенту і тэлецэнтру абыдуцца без ахвяраў, бо не чакаў такой масавай падтрымкі ідэі незалежнасці ў Летуве і іншых краінах Балтыі. Гісторыя занатоўвае усе дзеянні ці бяздзейнасць палітычных лідараў і выносіць рана ці позна свае справядлівыя ацэны праз пэўны час. Ацэніць яна належна і Гарбачова і ўсіх тых, хто прыгаданы вышэй.

Многія цяпер лічаць, што фактычны канец Савецкага саюзу надышоў не ў снежні 1991 года, а што ён надыходзіць толькі зараз, калі ідзе вайна, якая ёсць працягам даўняй палітыкі. Многія лічаць, што гэты канец стане ўрэшце і распадам расейскай імперыі. Няхай бы так і сталася.

Уладзімір Хільмановіч