Сваякі гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына паведамілі пра тое, што ўжо сераду 14 верасня так званы суддзя абласнога суда Валерый Раманоўскі збіраецца агучыць прысуд у справе супраць палітвязня. Прысуд агучаць а 16-й гадзіне.

Сёння а 14.30 Івашын меў апошняе слова, змест якога, на жаль, пачуць змаглі толькі трое так званых суддзяў, сакратар, пракурор і абаронца Дзяніса, бо працэс адбываўся ў закрытым рэжыме з прычыны таго, што там нібыта разглядаліся дзяржаўныя таямніцы.

У параўнанні з іншымі гучнымі палітычнымі працэсамі апошняга часу, гэты адбываўся даволі спакойна і хутка, хоць на самым пачатку не абышлося без правакацыяў з боку дзяржаўных прапагандыстаў у дачыненні да маці Дзяніса Івашына Людмілы Івашынай і міжнародных дыпламатаў, якія прыйшлі падтрымаць журналіста.

Інкрымінаваныя Дзянісу абвінавачанні ў «дзяржаўнай здрадзе» і «ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных органаў» датычныя ч.1 арт. 356 і арт. 365 Крымінальнага Кодэксу РБ і прадугледжаны гэтымі артыкуламі тэрмін зняволення сягае да 15 гадоў (мінімальны — складае 7 год).

Родныя Івашына не спадзяюцца на справядлівасць так бы мовіць судовай сістэмы рэжыма Лукашэнкі. Да таго ж яны ўпэўненыя, што кожны прызначаны Дзянісу тэрмін наўрад ці перажыве сама аўтарытарная сістэма. Таму чакаюць хуткага спаткання з Дзянісам не толькі пасля абвешчання «прысуду», што прадугледжана законам, але і наогул доўгачаканага уз’яднання сям’і.

Нагадаем, што сёння мінула роўна паўтары гады з моманту затрымання Дзяніса Івашына.