Знішчанае чарговае пахаванне жаўнераў АК на Гарадзеншчыне. На гэты раз пахаванне ў вёсцы Плябанішкі Гарадзенскага раёна. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Саюзу палякаў у Беларусі.
Там былі пахаваныя чатыры жаўнеры, якія загінулі ў сутычцы з немцамі 24 верасня 1943 года каля вёскі Плябанішкі — Казімір Ахрамовіч (Jarski), Мечыслаў Місюта (Nieznany), Баляслаў Місюра (Swierk), Ганна Зарыцкая (Czarna Hanka). Вёска Плябанішкі знаходзіцца за 23 кіламетры на поўнач ад Гародні, каля беларуска-летувіскай мяжы.

У верасні 1943 года група жаўнераў Арміі Краёвай, у ліку якіх быў паранены капітан Баляслаў Місюра, затрымалася ў леснічоўцы каля вёскі Плябанішкі. Солтыс вёскі данёс пра гэта немцам, якія прыбылі ў Плябанішкі і атакавалі жаўнераў. Былі забітыя Баляслаў Місюра і санітарка Ганна Зарыцкая. Цела капітана згарэла ў падпаленай леснічоўцы, пасля чаго немцы ўкінулі яго ў калодзеж, а цела санітаркі немцы павезлі ў бок Гожы і закапалі пры дарозе. Мясцовыя жыхары перапахавалі ахвяр.

Крыж на месцы сутычкі і гібелі жаўнераў АК быў пастаўлены ў 1990-ыя гады на сродкі Гэлены Пшэпесць, якая нарадзілася ў Плябанішках, а пасля жыла ў Гданьску.

Раней было ведама пра 6 выпадкаў разбурэння магіл жаўнераў АК на Гарадзеншчыне.

1 ліпеня СМІ паведамілі пра разбурэнне пахаванняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёна, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёна. 22 ліпеня стала вядома пра разбурэнне могілак жаўнераў АК у Стрыеўцы пад Гародняй. 25 жніўня каля вёскі Сурканты ў Гродзенскай вобласці невядомыя зраўнялі з зямлёй могілкі Арміі Краёвай — адны з найбуйнейшых у рэгіёне. Таксама вядома, што каля вёскі Пяскоўцы быў разбураны памятны знак палякам, якія загінулі ў баях з войскамі НКВД.