У Беларусі расце колькасць загінулых на вытворчасці работнікаў. За восем месяцаў гэтага года — ажно 101 чалавек. Гэта вынікае з даных дэпартамента дзяржінспекцыі працы пры Мінпрацы. За аналагічны перыяд мінулага года загінулых на працоўным месцы было на 15 чалавек менш, нагадвае «Л*стэрка».

«У студзені-жніўні гэтага года ў арганізацыях рэспублікі ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці пацярпела 1089 работнікаў, з якіх 101 загінуў. З агульнай колькасці выпадкаў 10% прыпадае на выпадкі траўмавання ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў, а ў выпадках гібелі — 25%», — паведамляе Дэпартамент дзяржінспекцыі працы пры Мінпрацы.

За аналагічны перыяд мінулага года зафіксавалі 1251 няшчасны выпадак на вытворчасці, у тым ліку 86 загінулых работнікаў.

Раней у Мінпрацы заяўлялі, што амаль палова выпадкаў гібелі на вытворчасці абумоўлена парушэннямі патрабаванняў аховы працы самымі пацярпелымі. Чыноўнікі надзвычай рэдка прызнаюць, што частка аварый здараецца ў выніку зношвання старога абсталявання.

За апошнія тыдні некалькі трагічных выпадкаў здарылася на прадпрыемстве “Гродна-Азот”. Следчы камітэт па гэтых здарэннях пачаў крымінальныя справы.