Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, штозвярнулася з заявай да спецдакладчыка ААН па пытаннях падтрымкі і абароны свабоды меркаванняў з прычыны палітычнага пераследу і шматлікіх парушэнняў правоў гарадзенскага журналіста-расследвальніка, валанцёра міжнароднай выведвальнай супольнасці InformNapalm, фрылансера выдання беларускага «Новы Час» Дзяніса Івашына.

Калегі Івашына ў лісце да Ірэн Хан расказалі, кім з’яўляецца Дзяніс, што важнага зрабіў у беларускай і сусветнай медыйнай прасторы. Таксама журналісты БАЖа апісалі ўсё, што адбылося з палітвязнем за паўтары гады неправамернага зняволення. Паведамілі і пра парушаныя правы на свабоду меркаванняў, прафесыйную журналісцкую дзейнасць, і пра шматлікія дадатковыя катаванні, фізічны і псіхалагічны ціск на Дзяніса. Расказалі, напрыклад, пра наўмысныя пакаранні Івашына карцарам (за час зняволення, паводле сваякоў, ён правёў там амаль паўгады, то бок траціну часу), падчас аднаго з якіх Дзяніс перажыў сардэчны прыступ і дагэтуль адчувае кепскія наступствы гтага здарэння для свайго здароўя.

Але, бадай, самае галоўнае, што БАЖаўцы данеслі да спецдакладчыка ААН, дык гэта тое, што асноўнай прычынай відавочна палітычнага пераследу Дзяніса Івашына ёсць помста за яго бліскучыя артыкулы. Расследванні Івашына, якія заўсёды грунтаваліся на інфармацыі, адшуканай у адкрытых крыніцах, Дзяніс пісаў з выключна бясспрэчнай доказавай базай і выкрываў у іх як міжнародныя злачынствы РФ ва Украіне, Грузіі, Сірыі ды інш., так і парушэнні законаў рэжымам Лукашэнкі падчас прыняцця ў грамадзянства, а пазней і на працу ў свае сілавыя ворганы дзяржаўных здраднікаў Украіны, парушальнікаў прысягі, былых супрацоўнікаў расфармаванага ўкраінскага спецпадраздзялення «Беркут», якія ўжо ў шэрагах лукашэнкаўскага ОМОНа ўдзельнічалі ў падушанні масавых мірных пратэстаў 2020 года і ілжэсведчылі ў так званых судах супраць дэманстрантаў і палітычных ды грамадскіх актывістаў.

Не пакінулі ў баку калегі Івашына і тыя абвінавачанні, якія рэжым Лукашэнкі высунуў журналісту. Паколькі, як сведчыць жонка Дзяніса Івашына, гарадзенец не мог мець і не меў доступу да якой-небудзь сакрэтнай інфармацыі, што магла б уяўляць сабой дзяржаўную таямніцу і тым больш пагражала нацыянальнай бяспецы Беларусі, то абвінавачанне з боку КДБ у працы журналіста на ўкраінскую выведку ёсць нічым іншым, як спробай нелегітымных ворганаў улады схаваць ад грамадскасці карысную для яе інфармацыю, перашкодзіць прафесійнай дзейнасці Івашына і запалохаць іншых незалежных журналістаў, якія застаюцца ў краіне.

БАЖ спадзяецца на хуткі адказ спецдакладчыка Ірэн Хан, а яшчэ болей на неадкладныя дзеянні з боку ААН з мэтай хутчэйшага вызвалення Дзяніса Івашына і ўсіх іншых палітвязняў рэжыма Лукашэнкі.