14 верасня Гарадзенскі абласны суд абвесціў прысуд палітзняволенаму Дзянісу Івашыну. Маці Дзяніса Людміла Мікалаеўна пракаментавала вырак «Новаму Часу».

Сям’я была гатовая да такога прысуду, кажа маці палітвязня Людміла Мікалаеўна. І Дзяніс таксама рыхтаваўся да вялікага тэрміну:

«Следчы, які вёў справу, гаварыў, што яму і 15 гадоў мала. Было б 20 — далі б 20. Таму я чакала такога прысуду. Мы былі гатовыя. І потым, я Дзянісу перадавала літаральна такія словы: “Сынок, не акцэнтуй увагу ні на якіх лічбах, якія будзе агучваць чалавек, апрануты ў мантыю суддзі. Усё гэта проста лічбы”».

Людміла Мікалаеўна кажа, што зняволенне заўважна адбіваецца на здароўі Дзяніса: ён схуднеў, у яго асунуўся твар. Паводле слоў маці, палітвязень паўтара года знаходзіцца ў камеры 3х2 метры, дзе большасць зняволеных паляць — і гэта не можа не пагаршаць здароўе.