Замежныя калегі пракаментавалі прысуд палітзняволенаму журналісту Дзянісу Івашыну.

Міжнародная федэрацыя журналістаў і Еўрапейская федэрацыя журналістаў лічаць рашэнне Гродзенскага абласнога суда «заснаваным на неабгрунтаваных абвінавачаннях». Замежныя калегі палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына назвалі судовы працэс «чыстай вады пародыяй» і запатрабавалі імгненнага вызвалення вязня.

Напомнім, што суддзя Гарадзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прысудзіў палітзняволенаму журналісту, аўтару «Новага Часу» Дзянісу Івашыну 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі, а таксама штраф у памеры 150 базавых велічынь за «ўмяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «здраду дзяржаве».

Дзяніс Івашын — журналіст-расследавальнік, аўтар «Новага Часу». Супольна з камандай «InformNapalm» ён зрабіў шэраг артыкулаў, у якіх расследаваў дзейнасць былых «беркутаўцаў» у беларускіх сілавых органах. КДБ абвінаваціў Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.