
Няма незалежнасці без ахвяр і расплаты чалавечым жыццём. Адвечная жыццёвая і гістарычная праўда дзеецца і зараз на нашых вачах. Украінскі нацыянальны гонар і дзяржаўнае мышленне выбудавалі дамбу з людскіх ахвяр у імя іхняй свабоды зараз і ў будучыні. А вера ў перамогу над расейскімі акупантамі згуртавала і загартавала дух і цела народу, які кінуў выклік імперыі, якой баяліся і кланяліся больш багатыя і магутныя гэтага свету, асабліва ў нашым, еўрапейскім вымярэнні. Дзякуючы прыкладу гераізму ўкраінцаў, спацыфікаваныя кансумпцыйным пацыфізмам палітыкі і грамадствы ўбачылі, што можна, а нават трэба інакш сябе паводзіць, калі імперыя зла на нашых вачах разбурае ўсе парадкі і прынцыпы. Тыраны і дыктатары ў змозе ўсё знішчыць, а ў адказ адчуваюць выключна толькі мову сілы. А на тое, каб перамагчы агрэсіўную Расію, зараз патрэбная сусветная, кааліцыйная рашучасць дзяржаў, іхняя дальнабачнасць і перакананне ўласных грамадстваў у неабходнасці эканамічных і сацыяльных ашчаднасцей і абмежаванняў. Але перш за ўсё трэба вярнуць адчуванне ўзаемадапамогі і ваеннага змагання з рэальнымі падпальшчыкамі гэтага свету. Зразумела, тут нельга забывацца пра хаўруснікаў у пуцінскім злачынстве — сярод якіх дыктатар Аляксандр Лукашэнка безумоўна займае лідарскія пазіцыі.
Хочуць, ці не хочуць самі беларусы, але справа калектыўнай адказнасці за згоду Лукашэнкі ператварыць сваю дзяржаву ў акупацыйную расейскую зону, з якой ляцяць ракеты на Украіну і ідзе лагістычнае, мілітарнае папаўненне агрэсараў — гэта той палітычны і маральны выклік, які не завершыцца зараз і цяпер. Справа калектыўнай адказнасці, а затым, не скрывайма, адказнасці і пакарання за такія дзеянні, будзе вяртацца не раз і не два на палітычныя салоны і форумы, на скрытыя і адкрытыя канферэнцыі. У выпадку пройгрышу Расеі гэта проста само па сабе абазначае яе развал у такім этнічна-тэрытарыяльным кшталце. Не абысціся тады і без дыскусій пра палітычна-тэрытарыяльны кшталт беларускай дзяржаўнасці.
Дзякаваць Богу і беларускай самаспеласці, што тым патэнцыйным, маральным і палітычным ахоўнікам цэласці Беларусі з’яўляюцца зараз беларускія вайсковыя фармаванні, што абараняюць Украіну і наш гонар. Полк Каліноўскага, атрад Пагоня, а таксама тыя адзінкі, якія ваююць непасрэдна ў радах узброеных сіл Украіны, не дазваляюць адназначна спалучаць Беларусь з Расеяй, да чаго напэўна дзесяцігоддзямі імкнуцца Пуцін і Лукашэнка. Вызначальнай ёсць таксама шматгадовая, палітычная барацьба саміх беларусаў унутры краіны, якая каштавала не толькі турмы і міграцыю, але і смяртэльныя ахвяры з боку рэжыму на працягу ўсёй лукашэнкаўскай улады.
Выбарчы ўрок прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года ў палітычнай трансфармаванасці беларускай дзяржаўнасці і абароны яе незалежнасці паказаў, што наіўнасць мірных жэстаў і надзей на самазыход дыктатара і яго сістэмы — гэта проста міф, ілюзія і медыйная выдумка, якая прыгожа і прывабліва глядзіцца ў аб’ектыве камер і радыё- ды тэлезапісаў, асабліва для грамадскага інфантылізму. Маштаб рэпрэсій з боку сістэмы лукашызму ў дачыненні да сваіх грамадзян, які трывае па сённяшні дзень, здаецца ўжо назаўсёды пакончыць з ілюзіяй спадзяванняў на дэмакратычныя выбары і маніфестацыі, што прынясуць доўгачаканую змену ўлады. Цана незалежнасці даецца адчуць рэальна на судовай, турэмнай, ці эміграцыйнай спіне і галаве, амаль кожнай беларускай сям’і.
Таму менавіта сотні тысяч палітычных бежанцаў з Беларусі, дзясяткі тысяч рэпрасаваных беларусаў зараз у турмах, прысуджаных да адміністрацыйных пакаранняў і нішчаных унутры краіны, з’яўляюцца сумленнем нацыі і плацяць зараз вельмі часта ў забыцці і прамоўчванні беларускую цану незалежнасці ў сваёй акупаванай краіне. Так як тыя нястомныя патрыёты, што дзесяцігоддзямі ўладарання лукашызму не толькі штрафамі, суткамі, але і гадамі турэмнага зняволення абаранялі сумленне, гонар і дзяржаўнасць Беларусі.
Дык аніяк не магу зразумець, чаму тыя дзясяткі тысяч беларускіх грамадзян, а мо і звыш сотні тысяч не з’яўляюцца прызнанымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітычнымі вязнямі? Чаму ж гаворыцца толькі аб няцэлай паўтары тысячы такіх людзей? Пытанняў ціснецца вельмі шмат у гэтай справе. Але мы самы не можам тут маўчаць.
Яўген ВАПА