Палітзняволены Дзяніс Івашын упершыню за паўтара года пабачыўся з маці.

Маці і айчым палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына ўпершыню за паўтара года змаглі пабачыцца, ім далі пагаварыць амаль дзве гадзіны.

Па словах маці, Дзяніс выглядае добра, усміхаецца. Людміла Івашына кажа, што яны шмат часу абмяркоўвалі справу Дзяніса. Пракурорка Аліна Чужаземец запрасіла для яго 9 гадоў калоніі, а суддзя прызначыў 13 гадоў і 1 месяц.

„Справа пабудаваная на здагадках, ніякай канкрэтыкі. Дзяніс не зразумеў, за што яго асудзілі. Ясна навошта — каб маўчаў”, — кажа маці. Жанчына кажа, што яе сына намаўлялі на супрацу і нават ціснулі на яго. „Ціск спачатку быў вельмі моцны. Абяцалі залатыя горы, скараціць тэрмін. Пагражалі маці, жонкай, будучыняй, але ён ад усяго адмаўляўся”, — расказвае маці палітвязня. Па яе словах, Дзяніса рэгулярна выклікалі на гутаркі ў КДБ, пяць разоў кідалі ў карцар. Але апошнім часам карцарам яго не караюць.

Людміла Івашына расказала, што на “судовым працэсе” Дзяніс не даваў паказанні. Сваё апошняе слова на судзе ён назваў „Словам праўды”: журналіст расказаў пра сваю працу і патлумачыў, што імкнуўся праз артыкулы абараніць нацыянальную бяспеку, „падаваў сігнал уладам”. Івашын упэўнены, што ён не будзе сядзець увесь тэрмін, які яму прысудзілі.