Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна ізноў затрымалі

На сёння, 16 верасня, а 18-й гадзіне праваабаронцу выклікалі ў мясцовы РУУС. Але дагэтуль ён так і не выйшаў.

Вядома, што праваабаронцу выклікалі для “падпісання выпраўленых адміністрацыйных пратаколаў”. Справа ў тым, што над праваабаронцам 12 і 13 верасня праходзіў суд, падчас якога высветліліся нестыкоўкі ў пратаколах: да прыкладу, пратакол апытання быў датаваны днём раней, чым пратакол аб самім адміністрацыйным правапарушэнні. Таму суддзя накіраваў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Целяпуна на дапрацоўку, а пасля рашэння суда праваабаронцу выпусцілі. На тым пасяджэнні праваабаронцу стала дрэнна — і яму выклікалі хуткую дапамогу.

Агулам супраць Уладзіміра раней склалі чатыры пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). За рэпосты ў сацсетках з рэгіянальнага праваабарончага сайта «Палеская Вясна». Целяпуна затрымалі 3 верасня і затым асудзілі на 10 сутак арышту.