З жонкай зняволенага журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйкі Ірынай Чарняўкай паразмаўляла Беларускае Радыё Рацыя.

Павел Мажэйка з 30 жніўня знаходзіцца ў следчым ізалятары. Пра яго мала інфармацыі праз тое, што не ўсё можна сказаць, адвакат мае падпіску аб неразгалошванні. Таму Ірына распавяла тое, што можа распавесці.

РР: Дзе ён знаходзіцца на гэты момант?

– Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА на вул. Кірава ў Гародні. З моманту, калі яго перавялі ў СІЗА (пачатак верасня) мы так і зразумелі, што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа, і яму прад’яўлена абвінавачванне. У сілу таго, што, наколькі мы ведаем, адваката не выклікаюць на следчыя дзеянні, гэта азначае тое, што на сённяшні момант следчыя дзеянні з ім не праводзяцца. Проста сядзіць сабе чалавек, і невядома, што з ім адбываецца.

РР: Калі Вы даведаліся, што Паўла затрымалі?

– 30-га чысла. Аказваецца., што ніхто не мае абавязку паведаміць сваякам, што адбываецца з іх родным чалавекам, калі ён трапляе ў такія жорны. Так гэта атрымалася і ў нас. Быў ператрус у бацькі Паўла. І пра яго мы дазналіся праз званок пляменнікаў Паўла. Органы правялі ператрус, забралі бацьку на допыт, а дзяцей пакінулі ў хаце – 6 і 13 год. Дзякуй Богу, што ім пакінулі тэлефон. І толькі тады дзеці змаглі патэлефанаваць сваёй маці, і сказаць, што дзеда забралі, у нас быў ператрус, і што рабіць далей – мы не ведаем. Толькі позна вечарам пасля допытаў і следчых дзеянняў прыехаў бацька Паўла, і ён ужо знаходзіўся пад падпіскай аб неразгалошванні, і што там адбылося – не ведаем. Перавернутая кватэра. Калі стала вядома – гэта была сярэдзіна дня, аўторка 30-га, – мы пачалі адразу шукаць Пашу. І адразу выявілася, што яго тэлефоны недасяжныя. Яшчэ раніцай мы размаўлялі , а ў абед – ужо тэлефон не адказвае. Гэта не першы арышт Паўла і ёсць пэўны алгарытм і мы ведаем, што калі нешта сур’ёзнае, ён будзе адразу патрабаваць адваката. Але дзень праходзіць, другі і толькі ўвечары другога дня патэлефанаваў следчы і сказаў, што Павел патрабуе канкрэтнага адваката, маўляў, заключыце з ім дамову… Калі перавялі ў СІЗА, гэта такая формула па якой можна здагадацца, што насамрэч абвінавачванне прад’яўлена. Па якім артыкуле, што – мы дагэтуль не ведаем. А на другі, трэці дзень праходзілі ператрусы ў дальніх сваякоў, нават у вёсках. Пакуль мы шукалі Паўла, праходзіў ператрус і ў мяне дома, пасля прыйшла мая мама навяла парадак. Былі параскіданыя кніжкі, відаць іх „даследавалі” па старонках…

РР: Як дзеці ўспрынялі інфармацыю пра арышт бацькі?

– Дзеці ведаюць, хто іх бацька, што можа быць, калі ты едзеш у Беларусь. Але вельмі сур’ёзна ўспрыняла гэта старэйшая дачка, ёй 10 год. Я пішу лісты Паўлу і адпраўляю іх туды, каб перадалі. Я пішу чарговы ліст і пытаюся: „Што ты, Нінка, у таты запытаешся?”. Яна так пахадзіла сур’ёзна, падумала і кажа: „Якія кніжкі па палітыцы, па гісторыі ён раіць мне пачытаць?”. Вось такое сур’ёзнае пытанне.

РР: Нешта змянілася ў вашым раскладзе жыцця на сёння?

– Канешне… Разумееце, вельмі цяжка дабудоўваць сябе да поўнай сям’і. Вельмі цяжка быць не проста маці, але яшчэ і бацькам, гэта практычна немагчыма. Сама цяжкае, што дзеці адлучаныя ад кантакту з бацькам, ад нармальнага сямейнага жыцця, што яны цяпер жывуць як і я ў гэтым чаканні, у такой рэальнасці, дзе існуюць перадачы, правілы перадачаў, у якой існуюць артыкулы, тэрміны, у якой існуе такая невядомасць, дзе няма дэталяў. Вось сёння быў чалавек, а зараз яго няма і ты не можаш нічога даведацца…

РР: Ці людзі могуць чым дапамагчы Паўлу, можа дасце якую параду?

– Гэта канешне пісаць, Думаю, што сама цяжкае для Паўла зараз – гэта ізаляцыя ад інфармацыі, ад навінаў, ад кніг, бо не дазваляюць перадаць ні кнігі, ні перыёдыку, нічога. Таму пішыце навіны, тое, што адбываецца зараз, бо магчыма з вашых лістоў, паштовак – гэта будзе адзіная для яго крыніца інфармацыі. Дасылайце паштоўкі з файнымі пейзажамі, з тым, што ён пакуль не можа бачыць.

Адрас для ліставання: 230023, Гродна, Кірава-1, СІЗА, Мажэйку Паўлу Іванавічу

Цалком размову слухайце ў далучаным файле: