Дзяніс Івашын сустрэўся з бацькамі ўпершыню за паўтары гады зняволення.

Пасля абвяшчэння прысуду так званым суддзём Валерыем Раманоўскім у дачыненні да Дзяніса Івашына гарадзенскі журналіст нарэшце змог спаткацца з бацькамі. Усе папярэднія спробы сустрэчы былі адхіленыя спачатку так званым Следчым Аддзелам УКДБ па Гарадзенскай вобласці, а потым і намеснікам старшыні так званага Гарадзенскага Абласнога суда.

Падчас спаткання палітвязень змог паведаміць бацькам шмат інфармацыі пра мінулы працэс і пра ўсё, што з ім адбывалася ў гэтыя паўтары гады зняволення.

Напрыклад, Івашын заявіў, што памочнік пракурора і дзяржабвінаваўца на працэсе супраць яго Аліна Чужаземец запрасіла для журналіста 9 год і 1 месяц узмоцненага рэжыма з штрафам 150 базавых величынь і кампенсацыяй «пацярпелым», аднак 14 верасня Раманоўскі агучыў тэрмін на 13 гадоў і 1 месяц таго ж узмоцненага рэжыму з штрафам і кампенсацыямі. З’ява досыць рэдкая нават у збудаванай Лукашэнкам сістэме. Ці з’яўляецца гэта асабістай ініцыятывай Раманоўскага, ці рэжым у апошні момант прыняў рашэнне ўзмацніць і без таго немалое неправамернае пакаранне для Івашына, пакуль застаецца загадкай.

Таксама сваякі Дзяніса паведамілі, што журналіст с першага дня «судовага» працэса адмовіўся ў ім удзельнічаць, а на пытаньне «суддзі» Раманоўскага пра прычыну сваёй адмовы адказаў даслоўна наступнае: «Я не жадаю быць дэкарацыяй у гэтым тэатры абсурду».

Апроч таго Івашын яшчэ ад пачатку «следства» адмовіўся ад любой формы супрацы з «следчымі», не прызнаў і не прызнае за сабой ніякай віны і не падпісаў ніводнага дакумента, які яму прапаноўвалі.

Сваякі Дзяніса Івашына таксама расказалі пра тое, што пасля першага «судовага» паседжання у камеры, дзе ён сядзеў, правялі ператрус і без якіх-небудзь тлумачэнняў забралі ў яго чорную майку з надпісам ˮJaśka Haspadar/1863”, у якой ён быў у залі, а таксама шэраг іншых асабістых рэчаў: малюнкі Дзяніса, фотаздымак ягонай жонкі, паліто і нават жоўта-блакітны рушнічок, якім ён дагэтуль карыстаўся амаль год. Палітвязню без верхняй вопраткі цяпер нават няма ў чым выходзіць на двор падчас штодзённых прагулак, таму ён вымушаны апранаць цёплыя швэдры і байкі, каб не змерзнуць. Прычыны гэтых дзеянняў таксама застаюцца невядомымі.