Анансаваная начальнікам беларускай дзяржавы амністыя зняволеных выклікала ў грамадстве даволі значны абмеркавальны рэзананс. Адны з надзеяй пачалі чакаць палітычнай адлігі і пэўнай лібералізацыі, іншыя досыць скептычна ацэньваюць заяву Лукашэнкі пра амністыю, якую ён прымяркоўвае да 17 верасня – да так званага дня народнага адзінства.

Асаблівых ілюзій наконт гэтай безумоўна палітычнай акцыі мець ня варта. Прычынаў заяўленай амністыі можа быць некалькі. Па-першае, пенітэнцыярныя ўстановы Беларусі – турмы, калоніі, установы так званага «адкрытага тыпу» перапоўнены вязнямі. А паколькі махавік рэпрэсій не спыняецца ні на дзень, карная машына працягвае працаваць без стомы, новых засуджаных да няволі людзей няма куды змяшчаць проста фізічна. Будаваць жа новыя турмы – задавальненне не такое таннае ды і патрабуе значнага часу. Да ўсяго гэта істотны рост штату ахоўнікаў і рознай іншай турэмнай адміністрацыі, дадатковае забеспячэнне месцаў зняволення, што істотна павялічвае фінансавыя выдаткі.

Па-другое, не выключана, што частцы бандытаў-крымінальнікаў узамен за вызваленне прапануюць падпісаць кантракт і ўвайсці ў склад прыватных расейскіх ваенных кампаній. Масква цэлы час патрабуе ад Беларусі людскога рэзерву для вайны ва Украіне і такі крок цалком лагічны з боку афіцыйнага Мінску, які не хоча асабліва адкрыта ўцягвацца ў расейскую ваенную авантуру.

Па-трэцяе, начальнік Беларусі выразна бачыць крах усяго расейскага войска ў плане захопу Украіны і цудоўна разумее непазбежную палітычную катастрофу свайго крамлёўскага патрона. Ён не сумняваецца ў далейшай падтрымцы Масквы, але таксама ўсведамляе, што фінансавых крэдытаў і інвестыцый у ранейшым вялікім аб’ёме ўжо ня будзе. У такой сітуацыі абвешчанне амністыі і гучныя дэклярацыі – гэта такі крок у бок Захаду. Своеасаблівы пасыл кшталту «Здыміце хоць частку санкцый – і мы прадоўжым лібералізацыю ў Беларусі». Тым больш, што такі эквілібрыстычны фокус-гандаль не раз ужо ўдаваўся ў мінулым. Прыкладам пасля падзей Плошчы 2010 года і наступных палітычных рэпрэсій. Толькі ці пойдзе насустрач Захад цяпер?

Нарэшце па-чацвёртае, няма ніякага практычнага сэнсу трымаць у зняволенні тых грамадзян, якіх засудзілі раней за «тры украдзеныя ў калгасе каласкі» ці за выпісаныя за хабар на 20 даляраў фальшывыя медычныя «бальнічныя». Пры такім масавым адтоку кваліфікаванай працоўнай сілы за мяжу, якая адбылася за апошнія два гады, прадпрыемствы і ўстановы краіны маюць пільную патрэбу ў адукаваных дактарах, інжынерах, тэхніках, іншых спецыялістах. Да катэгорыі людзей, зняволеных за дробныя махінацыі і парушэнні заканадаўства, дзяржава не мае ідэалагічных прэтэнзій, таму іх можна спакойна выпускаць.

У кожным разе, які з фактараў не быў бы галоўным ці вызначальным, можна без сумневу прагназаваць, што аніводны з фігурантаў гучных палітычных справаў на волю ў верасні 2022 года не выйдзе. У самым аптымістычным варыянце пад амністыю трапяць толькі тыя палітвязні, якія напішуць прашэнні аб памілаванні. І толькі тыя, хто зняволены ў выніку нейкіх «перагінаў на месцах». Некаторыя зараз параўноўваюць патэнцыйную амністыю ў Беларусі з цяперашняй амністыяй у Казахстане. Аднак там яна сапраўды выглядае на рэальную, прэзідэнт Такаеў вызваляе значную колькасць палітычных апанентаў. У Беларусі ж палітвязні павінны не толькі прыніжальна «пакаяцца», але яшчэ і напісаць адпаведнае прашэнне. Пра гэта наўпрост заявіў галоўны пракурорскі начальнік. І нават у такім разе, гэта далёка не гарантыя датэрміновага вызвалення. З іншага боку, ніхто не мае маральнага права асуджаць тых, хто напіша такое прашэнне. Калі нейкая колькасць палітвязняў выйдзе хоць на адносную волю з нялюдскіх турэмных умоваў – за іх і іх блізкіх можна толькі парадавацца. Але ніякіх агулам цудаў не здарыцца, а дэкляраваная амністыя, праўдападобна, найперш пыл у вочы беларускага грамадства і заходніх палітыкаў.

Уладзімір Хільмановіч