Палітвязень, вядомы гарадзенскі журналіст і дзеяч Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут паведаміў жонцы Аксане Пачобут, што чакае пераводу ў адзін з абласных цэнтраў. Ён піша:

“У мяне стабільна. Справу павінны перадаць ужо ў Генпракуратуру, адтуль – у Вярхоўны Суд, а ён ужо накіруе яе ў адзін з абласных судоў. Вось цяпер чакаю вестак дзе і калі справу будуць разглядаць. Гэтае чаканне можа расцягнуцца нават на 2 месяцы. Але як ёсць. Куды б не перадалі – розніцы вялікай няма”.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года па так званай “польскай справе” — разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. Трох затрыманых актывістак пазней выпусцілі з-за кратаў, дазволіўшы выехаць у Польшчу. У Беларусі засталіся Пачобут і старшыня неафіцыйнага “Саюза Палякаў у Беларусі” Анжаліка Борыс. Яе сёлета ўвесну перавялі пад падпіску аб невыездзе. 

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Пачобута звінавацілі ў “распальванні варажнечы па нацыяльнай прыкмеце”. Таксама паведамлялася, што яго абвінавацілі ў закліках да санкцый.