Беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік Уладзімір Калесьнік нарадзіўся 17 верасня 1922 года ў вёсцы Сіняўская Слабада (Карэліцкі раён). Сямікласную адукацыю атрымаў у суседніх Ярэмічах. Школу выхавання прайшоў у бацькі – земляроба, плытагона, вясковага майстра, ад якога так «пераняў спрыт да сякеры, малатка, гэбліка», што сваімі рукамі зрабіў нават скрыпку. Уладзімір добра маляваў акварэлямі, любіў стругаць, габляваць, сам сабе лыжы рабіў, для маці – чаўнакі і іншыя прылады для ткацтва.

Як успамінаў сам Уладзімір Калеснік, ён добра вучыўся ў школе, і маці вырашыла паслаць яго ў гімназію, хоць бацька лічыў, што гэта дарэмная трата грошай. Бацька марыў, каб ён стаў плытнікам, рэтманам, каб мог на Нёмане зарабляць добрыя грошы. Урэшце бацька завёз сына ў Наваградак, каб той паступіў у гімназію. Экзамены ў гімназіі арыентаваліся не на памяць, запамінанне фактаў, а на здольнасць да творчага мыслення, арыгінальнасць адказаў. Калеснік вытрымаў уступныя экзамены (а там на 50 месцаў было 250 заяваў) і ў 1936 годзе паступіў у польскую Наваградскую гімназію імя Адама Міцкевіча. 3 лёгкай рукі прафесара Крука захапіўся маляваннем. Самастойна вывучаў тэорыю выяўленчага мастацтва, марыў стаць крытыкам жывапісу і маляваць так, як тады вядомыя спецыялісты ў гэтай справе Віткевіч і Герсан-Дамброўская.

Калі Уладзімір вучыўся на 3-ім курсе педвучылішча, пачалася вайна. Яна памяняла ўсе жыццёвыя планы. 3 ліпеня 1941 г. ён браў удзел у стварэнні падпольных антыфашысцкіх арганізацый і баявых дружын у верхнім Наднямонні. Па даручэнні падпольнай арганізацыі працаваў настаўнікам пачатковай школы ў Некрашэвічах. Улетку 1942 года пайшоў у партызаны і ў складзе адной з баявых дружын уступіў у партызанскі атрад. Быў кулямётчыкам, падрыўніком, з восені 1942 г. камандаваў узводам, праз год стаў начальнікам штаба атрада брыгады Баранавіцкага злучэння. Удзельнічаў у дыверсіях, баях, быў двойчы паранены. Юнаком спазнаўшы пекла вайны і драматызм партызанскага змагання, страту сяброў і страх смерці, меру чалавечага і нечалавечага ў самым чалавеку, Калеснік вельмі рана пачаў вымяраць сваё жыццё і ўчынкі катэгорыяй вечнага.

Пасля вайны Калеснік скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1949 г.), аспірантуру пры гэтым інстытуце. З 1952 года – загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута (1952-54 гг.), затым у Брэсцкім пелагагічным інстытуце, з 1956 года – загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры. Узначальваў Берасцейскае літаратурнае аб’яднанне. З 1960 года сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, быў сакратаром яго аддзялення ў Берасці.

Літаратурную дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993). Даследаваў заходнебеларускую літаратуру. Адзін з аўтараў унікальнай дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі…». Апошнія гады жыцця пісаў і рыхтаваў для выдавецтва дакументальна-аўтабіяграфічную аповесць «Доўг памяці». Асобныя фрагменты яе былі апублікаваны ў перыёдыцы.

Памёр Уладзімір Калеснік 15 снежня 1994 года ў Берасці, там і пахаваны.