Словы Шаўчэнкі, кніга Арлова і фільм «Неба над Берлінам» – «доказы» віны з закрытага працэсу супраць Дзяніса Івашына

Сваякі Дзяніса Івашына паведамілі пра падрабязнасьці працэсу супраць гарадзенскага журналіста, у прыватнасьці, расказалі пра некаторыя з так званых «рэчавых доказаў», якія дзяржабвінаваўца Чужаземец ад імя УКДБ па Гарадзенскай вобласці прадстаўляла ў будынку былога Гарадзенскага абласнога суда ў якасці доказаў віны палітвязня. Усю гэтую інфармацыю падаў сам Дзяніс падчас першага за паўтары гады спаткання з бацькамі.

Паводле Івашына, усе абвінавачанні ў справе грунтаваліся на здагадках і меркаваннях «следства», а эксперты, якіх было ажно 7 чалавек (ад Генштаба і Мінабароны РБ), і якія праводзілі эспертызы артыкулаў Дзяніса, не сцвярджалі адназначна тое, што заяўляла абвінавачанне.

Сярод іншага ў «доказах» фігуравалі патрыятычная цытата Тараса Шаўчэнкі, кніга Уладзіміра Арлова і відэазапіс мастацкага фільма Віма Вэндэрса «Неба над Берлінам» 1987 года.

Таксама ў якасці «доказаў» былі прадстаўленыя фотаздымкі Івашына з сярэдзіны 2000-х гадоў, што выклікала шчырае здзіўленне сваякоў, бо так званае «следства» заяўляла, што Дзяніс быў «завербаваны ўкраінскай выведкай» у 2017 годзе. Адпаведна што ў такім выпадку могуць даказваць яго фотаздымкі 15-гадовай даўніны, застаецца загадкай у адсутнасці доступу да матэрыялаў справы.

З улікам усяго вышэй згаданага, сваякі Дзяніса Івашына лічаць крымінальны пераслед палітвязня надуманым і палітычна заангажаваным, а ўсіх датычных да пераследу — сапраўднымі злачынцамі і здраднікамі Беларусі.