У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 19 верасня пачынаюць судзіць стаматолага-артапеда медыка-санітарнай часткі “Гродна Азот” Аляксандра Дураева. Лекара абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), абразе і паклёпе на Лукашэнку ( ч.1 арт. 368 і ч.2 арт. 367), а таксама ў незаконных дзеяннях у дачыненні да вогнястрэльнай зброі, баепрыпасаў і выбуховых рэчываў ( ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс вядзе Віталь Лабоцкі.

Дураева затрымалі на пачатку студзеня 2022 года. Утрымліваўся да суда ў Гарадзенскай турме №1.

Як мінімум 8 сілавікоў уварваліся ў дом да стаматолага, паклалі яго тварам у падлогу. На пытанне, якое дачыненне ён мае да пратэстнай дзейнасці, Аляксандр адказаў «абсалютна ніякага».

На відэа ператрусу дома Аляксандра на канале ГУБАЗіКу паказалі пісталет, патроны і часопісы з аголенымі жанчынамі. Гарадзенец растлумачыў, што патроны ён прывёз з Манголіі, яны ў яго захоўваюцца з 1990-га года. Які закон ён парушыў часопісамі і чаму на іх звярнулі ўвагу, сілавікі не абгрунтавалі.

У “пакаяльным” відэа Аляксандр Дураеў сказаў, што яго затрымалі за абразу ў сацсетках службовых асоб і Лукашэнкі.

У першы дзень судовага працэсу стала вядома што Дураева абвінавачваюць і ў незаконных дзеяннях ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса).