70-гадовага пенсіянера засудзілі да 6 гадоў калоніі за арганізацыю “масавых беспарадкаў” і «абразы»

Стала ведама, што суд Ленінскага раёна Гародні 1 верасня асудзіў 70-гадовага пенсіянера з Нясвіжа Васіля Дземідовіча да 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1600 рублёў). Яго звінавацілі ў абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадкаў. Справу разглядаў Юрый Казакевіч.

Па версіі абвінавачання, Дземідовіч, «будучы актыўным удзельнікам канала “Карнікі Беларусі” і групы “Чат групы Карнікі” ў перыяд з верасня 2021 года па студзень 2022 года, размяшчаў у Інтэрнэт-мэсэнджары “Telegram” каментары, якія змяшчаюць падбухторванні, жаданне, зацікаўленасць і гатоўнасць да стварэння ўзброеных аб’яднанняў, скіраваных на прычыненне шкоды».

Таксама з пенсіянера пастанавілі спагнаць маральную кампенсацыю пацярпелым на суму 32 000 беларускіх рублёў.