Дзеяч беларускай эміграцыі Уладзімір Сідлярэвіч нарадзіўся 20 верасня 1922 году ў вёсцы Праважа (Воранаўскі раён).

Скончыў сярэднюю школу ў Лідзе, пазней атрымаў спецыяльнасць настаўніка і выкладаў у пачатковай школе ў Васілішках. У 1944 годзе ўступіў у БКА, быў дэлегатам ад Лідскай акругі на Другім Усебеларускім кангрэсе.

Па сканчэнні вайны апынуўся ў ангельскай зоне акупацыі Германіі, у Гамбургу, дзе ў 1948 годзе скончыў каледж, атрымаўшы пасведчанне інжынера будаўніцтва. У 1950 годзе пераехаў у Аўстралію, першыя два гады працаваў у Адэлаідзе. У 1952 годзе перабраўся ў Мельбурн, дзе далучыўся да грамадскага жыцця беларусаў. Стаў сябром рэдакцыі часопіса «Новае жыцьцё». Са студзеня 1954 года прадстаўнік аўстралійскай дэлегацыі БЦР у Мельбурне. Адзін з ініцыятараў стварэння і шматгадовы старшыня Камітэта набыцця беларускага дома (пазней Кааператыва). Настаўнічаў у беларускай школе, якая некаторы час месцілася ў ягонай хаце. Сябра аддзела Беларускага вызвольнага фронта ў Вікторыі, трымаў цесную сувязь з Дзмітрыем Касмовічам.

Цягам 1970—1980-х гадоў абіраўся на пасаду старшыні Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі. Таксама быў старшынёй Беларускага нацыянальнага фонду, створанага, каб фінансаваць беларускія дэлегацыі на міжнародных канферэнцыях. У 1981 годзе стаў старшынёй арганізацыйнага камітэта чацвёртай Сустрэчы беларусаў Аўстраліі. З 1985 года і да канца жыцця скарбнік Федэральнай рады беларускіх арганізацыяў у Аўстраліі. Таксама быў старшынёй Чарнобыльскага фонду, які збіраў грошы на дапамогу пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы. 

Памёр Уладзімір Сідлярэвіч 5 лістапада 1999 году. Пахаваны ў Мельбурне на беларускай дзялянцы Фоўкнерскіх могілак.