Сабралі навіны пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.
Уладзь Лабковіч: “Буду рады любой вестачцы”
Юрыст “Вясны” Уладзімір Лабковіч даслаў паштоўку ў адказ на атрыманую пасылку:
“Вялікі дзякуй за цудоўную падтрымку ў выглядзе перадачы. Гэта надзвычай важны знак, асабліва калі зусім не даходзяць лісты. Гэта надае сілаў трымацца далей. Хоць вельмі часта ахоплівае адчай. Вядома, перадавай прывітанне ўсім сябрам.
У меня тут усё зусім бяз зменаў. Моцна сумую па родных, чытаю, хоць зрок вельмі моцна сапсаваўся. Буду рады любой вестачцы“.
Брат Уладзіміра — Мікалай Лабковіч распавёў «Вясне», як ён даведаўся пра затрыманне брата і ягонай жонкі, як жыве сям’я Уладзіміра без яго, з якімі выклікамі сутыкаецца і як можна дапамагчы зняволенаму праваабаронцу.
Нагадаем, следства па крымінальнай справе супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча было працягнутае да 14 кастрычніка. Яны застаюцца пад вартай у СІЗА.
Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Павіншуйце Леаніда Судаленку з Днём народзінаў!
23 верасня кіраўніку Гомельскага аддзялення “Вясны” Леаніду Судаленку споўніцца 56 гадоў.
Гэта другі дзень народзінаў, які праваабаронца будзе сустракаць не ў коле сям’і, сяброў і аднадумцаў, а за кратамі.
Вядома, што Леаніду адміністрацыя калоніі ўжо выносіць спагнанні і “робіць з яго “злоснага парушальніка” рэжыму ўтрымання. Праваабаронцу ўжо пазбавілі кароткатэрміновага спаткання з роднымі, якое было запланавана на канец кастрычніка.
Пішыце Леаніду і Таццяне:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. ВіцьбаЛеаніду Леанідавічу СудаленкуПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3Таццяне Леанідаўне Ласіцы
«Гэта ўнікальны чалавек» — зняволеная пра праваабаронцу Марфу Рабкову
6 верасня палітзняволеную каардынатарку Валанцёрскай службы “Вясны” Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў калоніі, а валанцёра Андрэя Чапюка — да 6 год калоніі.
Адна з жанчын, што бачылася з праваабаронцай Марфай Рабковай за кратамі, падзялілася сваімі ўражаннямі ад яе:
“Гэта ўнікальны чалавек. Усе зняволеныя абавязкова пыталіся парады ў яе, яна падтрымлівае ўсіх, цярпліва выслухоўвае людзей. Да яе дрэнна даходзяць лісты, але Марфа трымаецца малайцом, не растраціла сябе саму. Яна дзяўчына далікатная, а рэчы дапамагае несці“.
Яшчэ адна былая зняволеная СІЗА-1 распавяла «Вясне» пра тое, якой яна запомніла дзяўчыну:
“Марфа — унікальны чалавек. З ёй вельмі шмат людзей раіліся. Марфа заўсёды казала дакладна, па справе, развейвала чуткі, ад яе ішоў заўжды вялікі аптымізм. Яна вельмі людзей падтрымлівала. У “адстойніку” яна заўсёды дапамагала з чужымі рэчамі, таму што цяжка. На свой жа суд Марфа хадзіла, па яе словах, як на цырк. У “адстойніку” вельмі шмат людзей з ёй размаўлялі, нават раіліся, што казаць у апошнім слове. Яна тлумачыла нават дробныя рэчы. Чамусьці ўсе раіліся толькі з Марфай…
Дзіўна, што Марфа, столькі праседзеўшы, не закурыла! Столькі чалавек у камеры курыць… Яна спартовая, падцягнутая, аптымістычная, з сілай волі, але сама па сабе далікатная, канечне.
29 ліпеня мы з ёй убачыліся ў апошні раз у СІЗА. Я Марфу вельмі моцна абняла і прадольны нам жорсткую вымову зрабіў”.
Пасля суда над Марфай Рабковай і дзевяццю палітвязнямі затрымалі праваабаронцу Насту Лойку. Яе асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за “дробнае хуліганства” (арт. 19.1 КаАП).
Вечарам 6 верасня беларусы Тбілісі выйшлі на акцыі ў падтрымку асуджаных Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і іншых палітзняволеных, якім прысудзілі велізарныя тэрміны зняволення.Акцыя беларусаў у Тбілісі, 6 верасня 2022 года
“Ніводны праваабаронца яшчэ не быў асуджаны да такога вялікага тэрміну“, — адзначыў юрыст Павел Сапелка ў каментары пра прысуд Марфе для DW.
Праваабаронцам перадалі прамовы, якія рыхтавалі да апошняга слова Адрэй Чапюк і Марфа Рабкова.
“Была радасная, што яе не забываюць”. Муж Марфы Рабковай сустрэўся з ёй у СІЗА пасля прысуду
Палітзняволенай Марфе Рабковай дазволілі праз шкло на гадзіну сустрэцца з мужам, з якім апошняе спатканне было год таму. На сваёй старонцы ў сацсетцы “MySpace” Вадзімраспавёў пра сустрэчу.
“Выглядае ў параўнанні з мінулым годам нармальна. Бледная, канечне, бракуе сонца. Худая. Сказала, што важыць каля 45 кілаграм. Здароўе ўсё яшчэ турбуе…
Перадаў ёй прывітанні — яна вельмі дзякуе ўсім. Распавёў пра рэакцыі на прысуд міжнароднай супольнасці — была радасная і задаволеная, што яе не забываюць.
Прысуд успрыняла адэкватна, кажа: «Бязглуздзіца». На амністыю нават блізка не разлічвае… Але спадзяецца на лепшае!”
17 верасня было два гады як праваабаронца “Вясны” Марфа Рабкова была затрыманая і кінутая за краты. Яе родныя і блізкія распавялі пра Марфу як дачку, сястру, жонку і сяброўку.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Марыі Аляксандраўне Рабковай Андрэю Сяргеевічу Чапюку
Як яшчэ падтрымаць “вясноўцаў”?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
На жаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.