20 верасня выйшла на волю 70-гадовая Галіна Міхальчукпаведамляе dissident.by.

Прычыны, паводле якіх вызвалілі пенсіянерку, невядомыя. Яна была затрыманая ў чэрвені 2021 года і ў лютым гэтага года засуджаная на 2,5 гады калоніі.

Жанчыну судзілі за шэраг каментарыеў, якія негатыўна і зняважліва ацэньвалі Лукашэнку, а таксама зневажалі яго гонар і годнасць.

Пацярпелымі выступілі старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько (адзіны, хто не заявіў іскі на кампенсацыю маральнай шкоды), міліцыянткі ОМОН Гарадзенскага УУС Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч (заявілі іскі па 1000 рублёў), начальнік ППС Ваўкавыскага РАУС Валерый Раманчык (іск — 1500 рублёў), начальнік Ваўкавыскага РАУС Віталь Асоцкі (іск — 1500 рублёў). 

Таксама, згодна з абвінавачаннем, яна здзейсніла паклёп у дачыненні да былога начальніка ГУБАЗіКа Мікалая Карпянкова, экс-міністра МУС Юрыя Караева, экс-кіраўніцы адміністрацыі Наталлі Качанавай, а таксама міліцыянткі роты ППС Фрунзенскага РАУС Мінска Валуйскай, аднак яны адмовіліся пісаць заявы, паводле якіх мусяць быць заведзеныя крымінальныя справы. 

Галіна Іванаўна ў апошнім слове казала, што пазбаўленне волі стане для яе смяротным прысудам, аднак суддзя Андрэй Талочка прызначыў ёй 2,5 года калоніі.