Колькасць насельніцтва Беларусі апошнія гады няўхільна змяншаецца. І тут цікава было б прааналізаваць дынаміку зменаў за досыць працяглы перыяд, пачынаючы з часу пасля Другой сусветнай вайны. Усеагульны перапіс насельніцтва ў Савецкім саюзе прайшоў у 1959 годзе. Краіна пасля страшнай вайны і жахлівых сталінскіх рэпрэсій ужо акрыяла. У Беларусі тады налічылі

8 мільёнаў 054 648 чалавек. І далей, калі на тэрыторыі нашай краіны не было войнаў, ішоў толькі рост. Паводле вынікаў наступнага перапісу, які прайшоў у СССР у 1970 годзе, у Беларусі было ўжо 9 мільёнаў 002 300 чалавек. Праз дзевяць гадоў паводле перапісу 1979 года было ўжо 9 мільёнаў 560 000 чалавек. Яшчэ праз дзесяць гадоў, у 1989 годзе ў Беларусі налічылі рэкордныя 10 мільёнаў 200 тыс. 200 чалавек. Добра памятаю той перапіс, бо ў час свайго студэнцтва быў перапісчыкам. Прыгадваецца тут літаратурны чэхаўскі сюжэт: «І вось ён выйшаў ва ўсіх сваіх рэгаліях». – А якія ў яго рэгаліі? – «Ну як жа, бронзавы медаль за працу на перапісе 1897 года!». Медалёў нам у 1989-ым не давалі, але металёвы значок і просты аловак з апошняга «усесаюзнага» перапісу на памяць засталіся.

А ў 1999 годзе адбыўся першы перапіс насельніцтва незалежнай Беларусі – насельніцтва тады складала 10.045.200 чалавек (з іх 8.159.100 – беларусаў). Агулам – мінус 154 тысячы чалавек за 10 гадоў. А пасля перапісу 2009 года засталося толькі 9 503 800 насельнікаў.

Што ж адбываецца за апошні час? Колькасць насельніцтва няўхільна зніжаецца. На гэта ўплываюць адразу некалькі фактараў – эпідэмія ковіду, масавая міграцыя, нізкая працягласць жыцця і зніжэнне нараджальнасці. За 2021 год насельніцтва «сінявокай рэспублікі» скарацілася ажно на 94 тысячы чалавек. Для параўнання, у 2019 годзе скарачэнне было толькі на 19 тысяч, а ў 2016 годзе было нават адхіленне ад мінусовай тэндэнцыі, калі колькасць жыхароў крыху вырасла.

Паводле ўсіх звестак, зніжэнне колькасці насельніцтва Беларусі, характэрнае для апошняга дзесяцігоддзя, рэзка паглыбілася менавіта за апошнія два гады. Пры тым, мы можам рабіць высновы пераважна за кошт ускосных паказнікаў і лічбаў, паколькі афіцыйныя дэмаграфічныя статыстыкі перасталі друкавацца ўжо з 2020 года. Відавочна, што ўлады не хочуць праўдзівымі лічбамі псаваць фальшыва створаную імі карціну «сацыяльнага раю».

Дакладна вядома, што да 2019 года ў Беларусі насельніцтва скарачалася таму, што памірала больш людзей, чым нараджалася. Тэндэнцыя змякчалася коштам прыезду мігрантаў. Прынамсі, афіцыйна сцвярджалася, што ў краіну прыязджала жыць больш іншаземцаў, чым выязджала беларусаў. Хоць візуальна ў гэта было і цяжка паверыць. Тым больш тут важна высветліць важную акалічнасць. Дзяржава дыспанавала дакладна толькі той інфармацыяй пра выехаўшых, якія самы заяўлялі пра гэта ў органы ўнутраных спраў. Пераважная ж бальшыня ніяк не рэгістравала і не рэгіструе надалей свой фактычны выезд. Такім чынам статыстыка не ўлічвала хіба бальшыню выехаўшых на працяглую працу альбо эміграваўшых увогуле. Перапіс 2019 года паказаў, што некуды падзеліся некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Але гэта не абавязкова тыя, што выехалі за мяжу. Бо перапіс 2019 года быў настолькі прафанацыйным, што многія з рэальных насельнікаў папросту не ўдзельнічалі ў кампаніі, прынцыпова байкатуючы яе. Праводзячы перапіс, улады мелі не звычайную мэту – палічыць насельніцтва, а найперш зафіксаваць яго маёмасны стан. Напомню, што людзі маглі самы сябе перапісаць электронна – гэткае прывучэнне да таго, што чалавек павінен на сябе і блізкіх напісаць «дакладную» дзяржаве. Нармальнага ўсеагульнага перапісу проста не было, у многія кватэры перапісчыкі тады так і не завіталі і тысячы людзей засталіся неперапісанымі. Палічыць жа тых, хто выехаў пасля палітычнага, культурнага і эканамічнага тэрора дзяржаўных органаў, які пачаўся ў жніўні 2020 года, заданне ўвогуле для незалежнай ацэны архіскладанае. Але змушаная эміграцыя – гэта толькі адзін складнік змяншэння колькасці насельніцтва Беларусі, не менш важныя чыннікі – працягласць фізічнага жыцця і нараджальнасць. Пра гэта пагаворым неяк асобна.

Уладзімір Хільмановіч