
Жонка палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка раіць дасылаць яму ў СІЗА кнігі. Яна піша ў фэйсбуку:
“Многія пытаюцца, што перадаць Паўлу ў СІЗА.
Найлепей – кнігі.
Бо інфармацыйны голад для яго цяпер, напэўна, самае цяжкае выпрабаванне.
Але важны момант: кнігі можна перадаць толькі паштовай бандэролью – і толькі дастаўкай наўпрост з кнігарні. Такі сервіс мае Белкнига, Акадэмкніга, маюць выдавецтвы (дасведчаныя людзі кажуць, што ў гарадзенскую турму не прымаюць дастаўку з oz.by)
Што для Паўла замовіць? Беларускую сучасную літаратуру. Пераклады на беларускую мову сучаснай сусветнай літаратуры, асабліва ўкраінскай. Новыя манаграфіі па беларускай гісторыі, гісторыі памежжа. Успаміны, дзённікі, біяграфіі, non-fiction.
Магчыма, такім чынам атрымаецца перадаць і перыёдыку, кшталту часопісаў, але гэта трэба спрабаваць. Ці перададуць літаратуру высланую з-за мяжы – ня ведаю, але варта спрабаваць”.
Высылка афармляецца на адрас:
230023 Гродна вул. Кірава, 1, СІЗА, Мажэйку Паўлу Іванавічу
Яшчэ Ірына Чарняўка раіць лепей пісаць не лісты, а паштоўкі – яны хучэй праходзяць цэнзуру і болей верагодна, што іх перададуць.