У Беластоку традыцыйна 25-га чысла (як і кожны месяц) прайшла чарговая акцыя салідарнасці з рэпрэсаванымі лідарамі Саюзу палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам і Анжалікай Борыс. На акцыю сабралася каля 40 беларусаў і палякаў (пераважна тых, хто быў змушаны пакінуць Беларусь з-за палітычнага пераследу), а таксама дзясятак журналістаў. Як звычайна акцыя салідарнасці з прадстаўнікамі польскай меншасці набыла характар агульнай салідарнасці з палітвязнямі. Акрамя польскіх і беларускіх сцягоў прысутныя трымалі вялізны транспарант з напісанымі прозвішчамі палітычна зняволеных рэжымам Лукашэнкі.

Ян Роман і Марэк Занеўскі
Выступае Марына Цішкоўская
Выступае Анна Кетліньска

Старшыня Падляскага аддзялення “Wspolnoty polskiej” Анна Кетліньска ў сваім выступе звярнула ўвагу на тое, што зараз у Беларусі фактычна завяршаецца ліквідацыя польскамоўнага навучання. Цяпер улады забаранілі дзейнасць апошняй арганізацыі, якая займалася адукацыяй – “Мацежы школьнай”.

Сяргей Верамеенка

Прадстаўнік БХД Сяргей Верамеенка ў сваім выступе звярнуў увагу на агульную небяспеку, якую нясе Украіне, Беларусі, Польшчы, іншым дзяржавам расейскі імперыялізм. Ён заклікаў выразна бачыць і асэнсоўваць менавіта гэты корань зла.

Наступная акцыя салідарнасці ў Беластоку пройдзе 25 кастрычніка, альбо раней, калі будзе прызначана дата суду над Анджэем Пачобутам.