
26 верасня ў Гарадзенскім абласным судзе як апеляцыйнай інстанцыі разглядалася грамадзянская справа па заяве палітзняволенай Галіны Дзербыш. Заява была паданая Дзербыш на дзеянні следчых і турэмных органаў. Зараз Галіна Дзербыш знаходзіцца ў турме №1 Гародні па крымінальнай справе (так званая “справа Аўтуховіча”).
Раней на адным з судовых паседжанняў па крымінальнай справе Дзербыш заяўляла, што ў час следства ёй цэлы час пагражалі, ціснулі і прымушалі абгаворваць сябе. Яна неаднаразова пісала скаргі ў пракуратуру, але не атрымала аніводнага адказу. Гэтыя скаргі папросту ігнараваліся.
У зняволенні Галіну Дзербыш садзілі ў карцар на 10 сутак. Пры тым не давалі жыццёва неабходных лекаў, што праваабаронцы расцэньваюць як катаванні. Некалькі разоў Дзербыш губляла прытомнасць.
22 ліпеня бягучага году Дзербыш зноў пасадзілі ў карцар – на гэты раз за тое, што яна адмаўлялася праходзіць так званую “рамку”: перад паседжаннямі абвінавачаных прыніжаюць, прымушаючы іх распранацца і праходзіць праз сканер.
Суддзя абласнога суду Жанна Краўчанка ў выніку прадказальна не задаволіла грамадзянскі пазоў Галіны Дзербыш.